«На нейкім этапе мы былі выгадныя ўладам». Чаму будзе бракаваць «Арт Сядзібы»

Плякаты «Арт Сядзібы» на Дні Волі-2016

На пачатку году культурная пляцоўка «Арт Сядзіба» абвясьціла, што спыняе сваю працу. Цяпер установа ў стадыі ліквідацыі. Пасьля таго як за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных і ліквідаваных арганізацый была ўведзена крымінальная адказнасьць, працу вырашылі не працягваць.

Праз канцэрты, лекцыі і забаўляльныя імпрэзы, якія рабіла «Арт Сядзіба», да беларушчыны масава далучалася моладзь па ўсёй краіне. Разам з былымі супрацоўнікамі «Арт Сядзібы» Свабода ўспамінае найбольш важныя старонкі ў гісторыі ўстановы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра «Арт Сядзібу» зьнялі дакументальны фільм. ВІДЭА

Увесь рушняк Белавус прыдумаў у войску

«Арт Сядзіба» зьявілася ў канцы 2011 году — роўна дзесяць гадоў таму. Ідэя належала і ягоным сябрам. Гэтую ідэю Павал выношваў, калі служыў у войску, кажуць суразмоўцы.

Павал Белавус, фота 2019 году

Цяпер Павал Белавус у зьняволеньні, ён абвінавачваецца па артыкуле 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сапраўдны беларус!». Хто такі Павал Белавус, які ня выйшаў на волю пасьля 15 содняў

«Спачатку „Арт Сядзіба“ была пляцоўкай, якая давала месца для многіх мерапрыемстваў. Цяжка паверыць, але да нас прыходзіў звышпапулярны сёньня рэпэр Алег ЛСП, сьпяваў, гукаў „Арт Сядзіба!“. У нас здымаліся кліпы, прэзэнтаваліся кнігі. На той момант падобнай пляцоўкі ў Менску не было. Бо тады акурат зачынілася сядзіба БНФ на Варвашэні, а таксама клюб „Рэактар“», — успамінаюць сядзібаўцы.

Пасьля адной з імпрэзаў у «Арт Сядзібе», у цэнтры — Павал Белавус. 8 сакавіка 2012 году

Разышліся з Symbal.by

Першы офіс арганізацыі быў на «Гарызонце» на вуліцы Куйбышава. Але ў хуткім часе моладзь адтуль выкінулі.

«Разьвітальная вечарына» ў першым памяшканьні «Арт Сядзібы». 12 ліпеня 2012 году

Потым пачалася эпапэя, калі «Арт Сядзібе» даводзілася мяняць адрасы ледзь ня кожны месяц. Спачатку арандадаўцы здавалі памяшканьне, а пасьля раптоўна скасоўвалі дамову. Так цягнулася аж да 2014 году, калі выбухнула вайна між Расеяй і Украінай.

«Самае цікавае, што за 10 гадоў мы не сутыкаліся з чалавекам з уладаў, які б казаў, што мы ім не падабаемся. І ўсе гэтыя адмовы рабіліся нібыта рукамі арандадаўцаў, а не саміх уладаў, хоць мы разумелі, што за нашай дзейнасьцю пільна сочаць.

Мы помнім момант, калі ўсё зьмянілася — пасьля рэвалюцыі ва Ўкраіне. Паша Белавус тады вырашыў адкрыць краму Symbal.by, ён арандаваў памяшканьне ў гандлёвым цэнтры „Маскоўска-Венскі“ на праспэкце Незалежнасьці. І вось нас не закрываюць месяц, другі, чацьвёрты, паўгода... Мы нават ня верылі, што такое можа быць. У выніку мы там былі амаль чатыры гады. Здаецца, на нейкім этапе мы былі выгадныя ўладам», — кажуць былыя супрацоўнікі «Арт Сядзібы».

Пасьля затрыманьняў ля крамы Symbal.by зноў чарга пакупнікоў. Фотагалерэя

Як ужо адзначалася вышэй, у нейкі момант Павал Белавус пераключыўся на бізнэс. Спачатку Symbal.by і «Арт Сядзіба» існавалі разам, але потым падзяліся на дзьве розныя каманды, хоць супрацоўніцтва працягвалася. Новым кіраўніком «Арт Сядзібы» стаў паэт Алесь Сьнег.

Тры важныя рэчы

«Дні роднай мовы» ў «Арт сядзібе», 19 лютага 2016 году

Калі ўспомніць тры самыя крутыя рэчы, якія рабілі артсядзібаўцы, то суразмоўцы называюць наступныя:

«Першае — гэта дакладна Дзень вышыванкі. Іх было два, яны праходзілі зь вялікім посьпехам. Першы прайшоў у прасторы ДК на Талбухіна, яна была зусім невялікая, і ўсе людзі проста не маглі там зьмясьціцца. Гэта быў кастрычнік 2014 году. Мы доўга ня думалі і вырашылі адразу правесьці яшчэ адзін такі дзень у сьнежні. Тады гэта ўжо быў Палац мастацтваў. Мы занялі два паверхі, усе праходы былі занятыя. Быў сапраўдны біток. Гэта адзін з найбольш рэвалюцыйных момантаў для нас, мы адчулі, што зрабілі наступны крок у разьвіцьці».

«Дзень вышымайкі» на 5-годзьдзе «Арт-сядзібы»

Другой рэччу яны называюць арганізацыю культурнай часткі на сьвяткаваньні стагодзьдзя БНР, якое праходзіла ў цэнтры Менску ў 2018 годзе.

«Ну і, канечне, „Мова-фэст“. Там было амаль 6 тысяч чалавек, па сваёй атмасфэры гэта пабіла ўсё. Была нават рэкляма на БТ, у перадачы „Макаёнка, 9“ у Яўгена Перліна».

«Мова-фэст». 20 здымкаў з самай буйной імпрэзы да Дня роднай мовы

Сумесны праект з Румасам і першы беларускамоўны квіз

Артсядзібаўцы кажуць, што яны супрацоўнічалі амаль з усёй беларускай музычнай сцэнай — ад Лявона Вольскага да Сяргея Башлыкевіча.

«Ладзілі вельмі шмат канцэртаў. Можна ўспомніць, што менавіта мы займаліся рэклямнай кампаніяй для NAVIBAND, перад тым як яны перамаглі ў адборы Эўрабачаньня. Першыя канцэрты ў нас давала Паліна Рэспубліка. Мы давалі шанец усім маладым выканаўцам дагрукацца да публікі, цяпер такой магчымасьці ў іх можа ня быць».

«Арт-сядзіба» сьвяткуе пяцігодзьдзе. Прамаўляе Павал Белавус. 18 сакавіка 2016 году

Былыя супрацоўнікі згадваюць і арганізацыю беларускамоўнага квізу «Варта». На той момант нават расейскамоўная культура квізаў у Менску была ня дужа разьвітая, а беларускамоўны ўвогуле быў першы. І тое, як раздавалі ў Менску стужкі зь беларускім арнамэнтам. Было раздадзена 5 тысяч мэтраў такой стужкі.

«Яшчэ мы рабілі шмат конкурсаў. У нас быў такі конкурс — „Мова, музыка, футбол“, мы яго рабілі сумесна зь Беларускай фэдэрацыяй футболу, якую тады ўзначальваў Сяргей Румас. Паўлу Белавусу нават удалося падарыць дыск зь песьнямі з гэтага праекту асабіста Румасу.

„Арт Сядзібы“ будзе не хапаць. Сёньня вельмі складана зрабіць канцэрт у Беларусі, дазволаў амаль не даюць. І няма такой прасторы, куды можна прыйсьці і паразмаўляць па-беларуску, пасябраваць, быць у кампаніі аднадумцаў — гэтага не хапае дакладна», — кажуць былыя супрацоўнікі «Арт Сядзібы».