МЗС Беларусі выступіла з абгрунтаваньнем накіраваньня войскаў у Казахстан

Беларускія вайскоўцы, архіўнае фота

Беларусь выступіла з афіцыйнай заявай, абгрунтаваўшы рашэньне накіраваць сваіх вайскоўцаў у Казахстан.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі заявілі, што «падтрымліваюць намаганьні кіраўніцтва Казахстану ў спыненьні беспарадкаў і марадэрства, аднаўленьні нармальнай жыцьцядзейнасьці краіны».

«З глыбокай заклапочанасьцю адзначаем, што сытуацыя ў шэрагу рэгіёнаў Казахстану працягвае імкліва пагаршацца. Баевікамі захоплены арсэналы са зброяй, у выніку іх гвалтоўных дзеяньняў гінуць людзі, расьце колькасьць пацярпелых і параненых. Зьвяртае на сябе ўвагу дакладная каардынацыя дзеяньняў пратэстоўцаў, арганізаванае супрацьдзеяньне баевікоў праваахоўным органам. Фактычна размова ідзе аб спробе гвалтоўнага перавароту і зьмены ўлады ў Казахстане».

Накіраваньне войскаў Беларусі ў складзе місіі АДКБ называецца ў заяве «дапамогай сяброўскаму казаскаму народу». Адпраўка адбываецца згодна з законам 254-3 ад 29 лістапада 2003 году «Аб парадку накіраваньня ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў, Сьледчага камітэту, Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз, органаў фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, органаў і падразьдзяленьняў у надзвычайных сытуацыях, пракурорскіх работнікаў, а таксама цывільнага пэрсаналу за межы Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў дзейнасьці ў падтрыманьні міжнароднага міру і бясьпекі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

АДКБ з удзелам Беларусі адправіла свае ўзброеныя сілы ў Казахстан

У склад кантынгенту, накіраванага ў Казахстан, увайшлі падразьдзяленьні ўзброеных сілаў Расеі, Армэніі, Беларусі, Кіргізстану і Таджыкістану. Паводле папярэдніх зьвестак, ад Беларусі ў Казахстан ляціць 103-я брыгада паветрана-дэсантных войскаў сілаў спэцыяльнай абароны.

Прэзыдэнт Казахстану 5 студзеня зьвярнуўся да кіраўнікоў дзяржаваў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) з просьбай аказаць дапамогу ў пераадоленьні «тэрарыстычнай пагрозы». Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што падзеі апошніх дзён у Казахстане — гэта тэрарыстычная пагроза і падрыў цэласьці дзяржавы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

АДКБ ператвараецца ў саюз аўтарытарных рэжымаў для абароны ад іх народаў, — Карбалевіч