Пуцін павіншаваў Лукашэнку, але не павіншаваў прэзыдэнтаў Украіны, Грузіі і краінаў Балтыі

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін павіншаваў з Новым годам кіраўнікоў 42 дзяржаваў, у тым ліку ЗША і Ватыкану.

У віншаваньні не аказалася імёнаў прэзыдэнтаў Украіны Ўладзіміра Зяленскага і Грузіі Саламэ Зурабішвілі. Тэлеграма апублікаваная на сайце Крамля.

Пуцін павіншаваў у тым ліку Аляксандра Лукашэнку, старшыню КНР Сі Цзіньпіна, канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца, прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Борыса Джонсана і каралеву Лізавету II, прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона, прэзыдэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана, прэзыдэнта Казахстану Касым-Жамарта Такаева і першага прэзыдэнта гэтай краіны Нурсултана Назарбаева.

У віншаваньні прэзыдэнту ЗША Джо Байдэну Пуцін напісаў, што дзьве краіны могуць і павінны «ўзаемадзейнічаць канструктыўна для пераадоленьня агульных выклікаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін запрасіў тэлефонную размову з Байдэнам. Яна адбудзецца 30 сьнежня

Безь віншаваньняў Пуціна засталіся лідэры краінаў Балтыі — Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Летась прэзыдэнт Расеі таксама не віншаваў Зяленскага і Зурабішвілі з Новым годам. У 2019 годзе Пуцін упершыню за шэсьць гадоў павіншаваў прэзыдэнта Ўкраіны з Новым годам падчас тэлефоннай размовы. Тады яны абмяркоўвалі абмены грамадзянамі, якія прайшлі 29 сьнежня, і складалі сьпісы для будучых абменаў.

Папярэдняга прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку Пуцін не віншаваў ніколі. Апошні раз расейскі лідэр віншаваў украінскага ў 2013 годзе, да анэксіі Крыму і пагаршэньня адносінаў паміж краінамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін прапанаваў пазбаўляць расейскага грамадзянства за цяжкія злачынствы