Як паведаміў сам актывіст, матэрыяльны пазоў перавышае 35 тысяч рублёў. «Падыходжу да свайго пад’езду, там сустракае паштарка і ўручае „сьвяточны“ ліст з Маскоўскага суду Менску.
Мне выставілі пазоў: 35 920 рублёў. Грошы патрабуе „Менсктранс“ за „прычыненыя страты“ падчас мірных акцыяў 23 і 30 жніўня, а таксама 6 верасьня 2020 году. І ўсё гэта зь мяне! Таксама жадаюць, каб я аплаціў дзяржаўнае мыта ў 1 796 рублёў. Разам — 37 716 рублёў ці амаль 15 000 даляраў. Ну і як гэта назваць?», — задаўся пытаньнем ён.
Экс-палітвязень не выключае, што ўлады могуць накласьці арышт на кватэру, пакуль ня будзе пагашаны пазоў. Паралельна ён шукае спосабы апратэставаць рашэньне, прынятае безь ягонага ведама.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьню Алегу Корбану прысудзілі 1,5 года зьняволеньня з адтэрміноўкай на годАлега Корбана затрымалі пасьля ператрусу ў кватэры 25 кастрычніка 2020 году. Спачатку яму прысудзілі 15-дзённы адміністрацыйны арышт паводле арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), а пасьля заканчэньня тэрміну перавялі ў СІЗА № 1.
У выніку актывіста абвінавацілі паводле частак 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Сёлета ў красавіку суд Маскоўскага раёну Менску пачаў разглядаць ягоную справу закрытым чынам.
Фігуранту прызначылі пакараньне пазбаўленьнем волі на 1 год 6 месяцаў. Аднак на падставе арт. 78 КК вырашылі не прыводзіць вырак у выкананьне, і палітвязень выйшаў на волю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У грамадзка-палітычным жыцьці ўдзельнічаць ня буду. Гэта маё рашэньне». Алег Корбан выйшаў з-за кратаў пасьля закрытага суду7 траўня Вярхоўны суд паведаміў, што актывіста асудзілі з адтэрміноўкай на 1 год. Значыць, калі за гэты час яго не асудзяць яшчэ раз, адбываць прысуджаны тэрмін не давядзецца.
Паводле праваабаронцаў, гэта першы выпадак пакараньня з умоўным нестасаваньнем пакараньня з палітычных матываў ад пачатку леташняй выбарчай кампаніі.