У Турэччыне раскапалі сынагогу VII стагодзьдзя 

Археалягічныя раскопкі, ілюстрацыйнае фота

Сынагогу знайшлі ў раёне Сідэ на месцы, дзе раней зьнесьлі незаконную пабудову.

У раёне Сідэ ў турэцкай правінцыі Анталія падчас археалягічных раскопак на тэрыторыі, дзе раней вялося незаконнае будаўніцтва, раскапалі сынагогу VII стагодзьдзя нашай эры, паведамляе DHA.

«Гістарычныя крыніцы паказваюць, што ў раёне Сідэ жылі габрэі. Але першую значную знаходку, якая даказвае гэта, выявілі толькі падчас раскопак», — сказаў загадчык катэдры клясычнай археалёгіі Анаталійскага ўнівэрсытэту прафэсар Фэрыштах Аланьялі.

У сынагозе знайшлі надпіс аб тым, што чалавек па імені Іосіф ахвяраваў грошы на рэканструкцыю сынагогі ў памяць пра свайго сына Данііла, які памёр ва ўзросьце 2,5 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пачалі ладзіць віртуальную экскурсію ў слонімскую сынагогу

Турыстычны бум пачаўся ў Сідэ ў 1960-х гадах, а многія будынкі ў раёне ўзьвялі без адпаведных дазволаў. З 2014 году тэрыторыю афіцыйна прызналі гісторыка-археалягічнай каштоўнасьцю, пачаўся працэс зносу незаконных пабудоў і актыўных археалягічных раскопак.

Гэта дало магчымасьць знайсьці і правесьці дэталёвыя дасьледаваньні многіх культавых і іншых збудаваньняў, у тым ліку культавых месцаў Апалёна і Афрадыты, прэторыі, портавай агоры, вуліц з калёнамі і іншых. Цяпер упершыню раскапалі сынагогу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вандалізм нацыянальнага маштабу. Што адбываецца на 800-гадовым могільніку ў Гальшанах, які разбурылі бульдозэрамі. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як заснавальнік «Мовы Нанова» Глеб Лабадзенка вяртае зь нябыту аўтэнтычны Менск