Пракурор запрасіў 11 гадоў калёніі для грамадзяніна Расеі палітвязьня Ягора Дуднікава

Ягор Дуднікаў, архіўнае фота

23 сьнежня пракурор запрасіў 11 гадоў пазбаўленьня волі для расейца Ягора Дуднікава, які агучваў ролікі для пратэставага тэлеграм-каналу, паведамляе DW.

Дуднікава абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 (распальваньне варожасьці групай асобаў) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да прычыненьня шкоды Беларусі) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Максымальнае пакараньне ў гэтых артыкулах — 12 гадоў.

«Ягор у шоку», — кажа крыніца BBC. Прысуд агучаць неўзабаве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пачаўся суд над палітвязьнем Дуднікавым, грамадзяніну Расеі пагражае да 12 гадоў турмы

Менскі гарадзкі суд пачаў разгляд справы Ягора Дуднікава 20 сьнежня. Працэс адразу абвясьцілі закрытым, фармальная прычына — «выключэньне распаўсюду экстрэмісцкай прадукцыі». Справу палітвязьня разглядае судзьдзя Сяргей Хрыпач.

Ягору Дуднікаву, які агучваў ролікі для АГСБ (тэлеграм-канал Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі), ставяць у віну 55 галасавых паведамленьняў у тэлеграм-чаце з мэтай «нагнятаньня напружанасьці і канфліктнасьці ў грамадзтве і дзяржаве».

Згодна з матэрыяламі справы, ён іх нібыта разьмясьціў з 19 студзеня па 21 траўня 2021 году. У тэлепраграме Дуднікава назвалі адным з адмінаў каналу АГСБ, які КДБ унёс у сьпіс тэрарыстычных арганізацый.

Ягора Дуднікава трымаюць пад вартай ад 5 траўня. Ягор празь ліст зь СІЗА расказаў, што пасьля затрыманьня сілавікі катавалі яго.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Затрыманага ў Менску расейца Дуднікава ў СІЗА пачаў наведваць псыхоляг

Што такое АГСБ

«Атрады грамадзянскай самаабароны» (АГСБ) — тэлеграм-канал і аднайменны чат, якія ўзьніклі ў верасьні 2020 году. Аўтары тады пісалі, што «рэвалюцыя ня скончылася, яна проста зьмяніла рэчышча», а таксама абяцалі падрыхтаваць «новую канцэпцыю актывізацыі партызаншчыны».

Апошняя публікацыя ў тэлеграм-канале зьявілася сёлета 11 ліпеня — паведамленьне аб закрыцьці чату. 18 жніўня ўлады прызналі АГСБ «тэрарыстычнай арганізацыяй».

Паводле КДБ, прыхільнікі АГСБ нібыта зьбіраліся «адрэзаць язык» прапагандысту Рыгору Азаронку, падарваць вышку сувязі ВМФ Расеі ў Вялейцы і падпальваць лесанарыхтоўчую тэхніку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Сказалі, калі не напішу яўку з павіннай — прызнаюць тэрарыстам»,— 20-гадовы расеец напісаў зь СІЗА пра сваё затрыманьне

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Пагражаюць, што з турмы жывым ня выйдзе». Ціск на палітвязьня Дуднікава працягваецца і ў СІЗА