Як высьвятляецца, затрыманьні былі прынамсі ў двух гарадах — Менску і Гомлі. Лукашэнка напярэдадні сказаў пра «6-7 чалавек», адзін зь якіх быццам уцёк у Расею.
«Затрыманымі аказаліся трое нясуджаных менчукоў 32, 36 і 43 гадоў, якія аб’ядналіся ў закрытым Telegram-чаце, які зьяўляецца структурным падразьдзяленьнем ініцыятывы „Буслы ляцяць“. Іхнаю мэтаю быў гвалт у дачыненьні праваахоўнікаў, службовых асобаў, органаў дзяржаўнай улады, а таксама пашкоджаньне іх маёмасьці ў сувязі з выкананьнем імі службовых абавязкаў», — сказаў начальнік аддзелу ГУБАЗіК Сяргей Ванагель, чые словы прыводзіць Zerkalo.io.
Пазьней пятае ўпраўленьне ў Менску ГУБАЗіК МУС Беларусі паведаміла БелТА, што выявілі удзельнікаў групы, якія ўчынялі «акцыі накіраванага дзеяньня» ў адносінах да чыноўнікаў, а таксама на шкоду аб’ектам гарадзкой інфраструктуры.
Дзеля гэтага яны стварылі закрытую тэлеграм-групу «Кулінарныя рэцэпты» («Кніга рэцэптаў», «Bon Apetit»), у якую ў розны час уваходзіла да 10 чалавек. Вынікі выкладвалі ў групу, а затым накіроўвалі адміністратарам тэлеграм-каналу «Буслы Ляцяць» зь нефармальнай арганізацыі «Супраціў», прызнанай Вярхоўным судом «тэрарыстычнаю».
Паводле сілавікоў, 4 сакавіка ўдзельнікі групы на невартаванай аўтастаянцы ў двары дому № 1А на вуліцы Ватуціна ў Барысаве пашкодзілі чатыры шыны аўтамабіля Lada Vesta, які належыць судзьдзю, а таксама аблілі чырвонай фарбай элемэнты кузава.
14 сакавіка паблізу дому № 5 на вуліцы Адзінцова ў Менску пашкоджаны аўтамабіль Land Rover, які належыць адміністратару тэлеграм-каналу «Людажор», карэспандэнту газеты «СБ. Беларусь сегодня».
8 красавіка пашкодзілі вокны кватэры па вуліцы Лідзкай у Менску, дзе жыве намесьнік начальніка аддзелу пракуратуры.
Таксама нібыта ўдзельнікі групы 2 чэрвеня на вуліцы Якубоўскага, 15 у Менску пашкодзілі 13 камэраў відэаназіраньня, а 15 чэрвеня выкралі і зьнішчылі яшчэ 21 аналягічную камэру на вуліцы Лабанка, 81 і 89.
Сілавікі пішуць, што затрымалі шасьцёх удзельнікаў групы. Яшчэ двое выехалі за межы Беларусі.
Крымінальныя справы прыняў да вядзеньня сьледчы ўпраўленьня Сьледчага камітэту ў Менску. Супраць удзельнікаў групы пачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 290-4 (стварэньне арганізацыі для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці або ўдзел у ёй), а таксама чатыры крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 359 (акт тэрарызму ў дачыненьні да дзяржаўнага або грамадзкага дзеяча).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі затрымалі расейца нібыта за падпал аўтамабіля сілавікаІніцыятыва «Буслы ляцяць» уваходзіць у аб’яднаньне «Супраціў», якое ставіць на мэце зьнішчэньне ўлады Лукашэнкі ў Беларусі. Пакуль арганізацыя ніяк не пракамэнтавала затрыманьні людзей, не пацьвердзіла або зьняпраўдзіла іх дачыненьне да арганізацыі.
У Гомлі напярэдадні затрымалі грамадзяніна Расеі зь відам на жыхарства ў Беларусі, які рэзаў колы тралейбусаў і падпаліў машыну сілавіка.
Аднак пра затрыманьне трох менчукоў менавіта такога веку яшчэ 7 сьнежня паведамляў Сьледчы камітэт. У сакавіку сёлета яны ў Барысаве нібыта парэзалі колы і аблілі фарбай аўтамабіль судзьдзі. Група «Буслы ляцяць» праз тыдзень пасьля гэтага паведаміла пра сваю атаку на базу ўнутраных войскаў у пасёлку Валоўшчына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Групу «Супраціў» дадалі ў тэрарыстычны сьпіс КДБ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК паведаміў, што затрымаў групу, якая пашкодзіла машыну барысаўскага судзьдзі