Наіўна думаць, што можна захаваць мір або супакоіць агрэсара, не дапамагаючы яго патэнцыйнай ахвяры, сказаў міністар абароны Латвіі Артыс Пабрыкс у інтэрвію Sargs.lv, выказваючы сваю думку аб эўрапейскай падтрымцы Ўкраіны перад пагрозамі Расеі і магчымасьці расейскага ўварваньня з боку Беларусі.
Міністар таксама прызнаў, што, зьбіраючы войскі на ўкраінскай мяжы, Расея спрабуе ня толькі падпарадкаваць сабе суседнюю краіну, але і любымі сродкамі, у тым ліку энэргетычным і палітычным ціскам, аслабіць Захад і падзяліць як Эўразьвяз, так і NATO. Такім чынам, на думку латыскага міністра, у ЭЗ няма іншага выбару, акрамя як паменшыць залежнасьць ад расейскіх энэргарэсурсаў. Калі гэтага ня будзе, уплыў Крамля ў Эўропе будзе толькі расьці.
Апошнія патрабаваньні Пуціна да NATO наконт узбраеньняў і недапушчальнасьці ўступленьня ў альянс Украіны, на думку Пабрыкса, зьвязаныя з жаданьнем Масквы аслабіць абароназдольнасьць краінаў Балтыі, Румыніі і Польшчы, што знаходзяцца бліжэй да Расеі геаграфічна.
«Таксама трэба ўлічваць, што Расея свабодна дзейнічае на тэрыторыі Беларусі. З аднаго боку, гэты від шантажу нагадвае жаданьне паўтарыць 1939 год, але ў сучасным грамадзтве, з саюзьнікамі, такі шантаж не праходзіць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін: патрабаваньні РФ — не ўльтыматум, але Захад павінен даць на іх адказПры гэтым Пабрыкс лічыць, што дэстабілізацыя сытуацыі на мяжы з Латвіяй наўрад ці ёсьць прыярытэтам Расеі цяпер, Крамлю важней дамагчыся зьменаў палітыкі Захаду і правесьці патрэбныя яму зьмены ва Ўкраіне. Міністар абароны лічыць, што Эўразьвяз павінен браць прыклад зь Вялікай Брытаніі, Канады і ЗША, якія дапамагаюць Украіне са зброяй і рэфармаваньнем войска, паколькі адных словаў падтрымкі недастаткова.
Таксама латыскі міністар адказаў на пытаньне, што будзе рабіць Латвія ў выпадку эскаляцыі мігранцкага крызісу на беларуска-латыскай мяжы. Ён заявіў, што ў Рызе маюць намер дзейнічаць так, як адказвала на пагрозы Польшча. Ён не задаволены тым, што пра ролю Расеі ў гібрыднай агрэсіі на межах згадвалі мала, гаворачы пераважна толькі пра рэжым Лукашэнкі, хаця інфармацыі пра супрацу ўладаў Беларусі і Расеі дастаткова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO паведамляе, што Расея працягвае перакідваць войскі да межаў Украіны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія забараніла перавозіць грузы беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў па сваёй чыгунцы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія войскі з высокай імавернасьцю будуць уведзеныя ў Беларусь зімой 2021/22 — прагноз American Enterprise Institute