На кадрах супрацоўнік Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў Расейскай Фэдэрацыі (ФСВП) размаўляе з двума зьняволенымі. Заснавальнік Gulagu.net Уладзімір Асечкін тлумачыць, што ў «прэс-хаце» застаюцца супрацоўнік ФСВП і двое яго «негалосных агентаў», зь якімі ён абмяркоўвае, каго яны ўжо білі, а каго яшчэ будуць катаваць і біць.
Потым да іх заводзяць двух чалавек, аднаго зь якіх б’юць так званыя агенты. З словаў Асечкіна, адзін са зьняволеных разгортвае матрацы і коўдры такім чынам, каб катаваньні ня трапілі на камэру. Супрацоўнікі ФСВП пры гэтым нічога ня робяць, каб спыніць біцьцё, бо ўсё гэта адбываецца пад кантролем спэцслужбы, указвае праваабаронца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскі суд прысудзіў 572 тысячы эўра кампэнсацый ахвярам катаваньняў у РасеіНа іншых кадрах чалавек падае з вакна. Асечкін са спасылкай на крыніцу ва ўпраўленьні ФСВП у Краснаярскім краі паведаміў, што гэта зрабілі наўмысна, а мужчына памёр праз два дні пасьля падзеньня.
Уладзімір Асечкін раней расказаў, што новы інфарматар праекту змог вывезьці з Расеі новы архіў запісаў катаваньня зьняволеных у сыстэме ФСВП. Паводле яго, у архіве аб’ёмам 200 гігабайт ёсьць сьведчаньні катаваньняў з Краснаярску, учыненых з 2016 па 2019 гады, а таксама з Забайкальля і Прыморскага краю.
Асечкін адзначыў, што новы архіў сьведчыць пра катаваньні ня толькі ў Саратаве, але і ў іншых рэгіёнах. У ім таксама ёсьць доказы, што катуюць супрацоўнікі ня толькі ФСВП, але і ФСБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне абвінавачвалі ў выдаваньні дзяржаўнай тайны». Інтэрвію айцішніка зь Беларусі, які захаваў запісы катаваньняў у расейскіх турмах- У кастрычніку і лістападзе праваабарончы праект Gulagu.net апублікаваў запісы катаваньняў, зьдзекаў і згвалтаваньняў зьняволеных у сухотным шпіталі ФСВП у Саратаўскай вобласьці.
- Архіў быў атрыманы дзякуючы былому вязьню саратаўскай турмы, беларускаму грамадзяніну Сяргею Савельеву, зь якім таксама жорстка абыходзіліся. Яго вымусілі супрацоўнічаць з турэмнай службай, ён кіраваў кампутарнай сеткай турмы і забясьпечваў доступ да відэафайлаў з усёй расейскай пэнітэнцыярнай сыстэмы. Пры вызваленьні ён змог вынесьці флэшку з запісамі катаваньняў. Цяпер ён у Францыі, дзе сустракаецца з журналістамі, працуе з адвакатам і накіроўвае звароты ў праваахоўныя органы Эўропы.
- Пасьля публікацыі першай часткі відэаархіву больш за 400 зьняволеных расказалі пра катаваньні ў саратаўскай турэмнай лякарні, а таксама пра пабіцьцё і вымагальніцтва ў самой калёніі.
- У Генэральнай пракуратуры Расеі паведамілі, што ФСВП расьсьледуе 12 справаў аб згвалтаваньнях, вымагальніцтвах, перавышэньні службовых паўнамоцтваў.