Прэзыдэнт Радыё Свабода пра Андрэя Кузьнечыка: Яго трымаюць як «выкрадзенага закладніка»

Андрэй Кузьнечык

Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай выказаў глыбокую заклапочанасьць здароўем і бясьпекай фрылансэра беларускай службы Андрэя Кузьнечыка, які застаецца пад вартай у Беларусі, нягледзячы на завяршэньне два разы запар па 10 сутак ягонага арышту.

«Андрэй Кузьнечык скончыў адбываць свой прысуд. Наколькі нам вядома, беларускія ўлады працягваюць утрымліваць яго, па сутнасьці, як выкрадзенага закладніка. Трэба неадкладна дазволіць Андрэю вярнуцца да сям’і. Журналістыка — гэта не злачынства», — сказаў Джэймі Флай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фрылансэр Свабоды Андрэй Кузьнечык ня выйшаў на волю пасьля 20 сутак арышту

25 лістапада Андрэй Кузьнечык перастаў выходзіць на сувязь. Неўзабаве стала вядома, што яго затрымалі і правялі ў кватэры ператрус, а самога зьмясьцілі ў менскую турму на Акрэсьціна. На наступны дзень Заводзкі раённы суд Менску прызнаў Андрэя Кузьнечыка вінаватым у «дробным хуліганстве» і пакараў 10 суткамі арышту. Сваёй віны на працэсе ён не прызнаў.

6 сьнежня Андрэй Кузьнечык павінен быў вызваліцца пасьля адбыцьця пакараньня, але замест гэтага яму прысудзілі яшчэ 10 сутак арышту, зноў нібыта за «дробнае хуліганства». Віны фрылансэр Радыё Свабода не прызнаў, перадач для яго не бяруць.

Пасьля адбыцьця другога тэрміну Андрэй меўся выйсьці на волю 15 сьнежня. Але гэтага не адбылося.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт РС/РСЭ Джэймі Флай: «Андрэй Кузьнечык павінен быць неадкладна вызвалены!»