Прадстаўнік Крамля паабяцаў беларусам лепшае жыцьцё пасьля інтэграцыі з Расеяй

Дзьмітрый Пяскоў

Афіцыйны прадстаўнік Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў на тэлеканале TTVI, што калі пачне поўнафарматна працаваць расейска-беларуская інтэграцыя, жыцьцё ў Беларусі і Расеі стане лепшым.

«Працэс інтэграцыі павінен разьвівацца арганічна. Тое, што ўдалося замацаваць у саюзных праграмах, — важна. Гэта вынік складаных перамоваў. Гэта тое, што прынясе выгаду. Мэта — выгада двух народаў. Трэба прыняць яшчэ шмат законаў, але калі гэта зробім, мы адчуем, што жыць стала лепш», — сказаў Пяскоў.

Пяскоў дадаў, што Лукашэнка знаходзіцца пад моцным міжнародным ціскам. «Можа, ня трэба пра гэта гаварыць, але беларусам вельмі пашанцавала, што ёсьць мы побач. І тое, што мы побач, ім дапамагае выстаяць ад гэтых агрэсіўных адносін», — сказаў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін і Лукашэнка дамовіліся правесьці сустрэчу да Новага году