Памежны камітэт Беларусі паведаміў у сваім ТГ-канале, што 16 сьнежня ў 17:50 паблізу ад беларуска-польскай мяжы на ўчастку памежнай заставы Тушэмля Горадзенскай памежнай групы беларускім памежным нарадам у памежнай паласе быў спынены вайсковец Узброеных сіл Польшчы Эміль Чэчка 1996 года нараджэньня.
Мужчына заявіў, што зьяўляецца вайскоўцам 11-га Мазурскага артылерыйскага палка 16-й Паморскай мэханізаванай дывізіі, часткі якой былі перакінуты для забесьпячэння аховы ўчастка мяжы зь Беларусьсю ў пэрыяд дзеяньня надзвычайнага становішча на прымежных тэрыторыях Польшчы.
Нібыта Чэчка ня згодзен з палітыкай Польшчы адносна міграцыйнага крызісу і практыкай негуманнага абыходжаньня зь мігрантамі. Вайсковец папрасіў палітычнага прытулку ў Рэспубліцы Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зброю пакінуў на базе. Што вядома пра польскага вайскоўца, які нібыта ўцёк у БеларусьПрэс-сакратар міністра-каардынатара польскіх спэцслужбаў Станіслаў Жарын пацьвердзіў зьнікненьне вайскоўца Ўзброеных сіл Польшчы на мяжы зь Беларусьсю.
Станіслаў Жарын пацьвердзіў факт зьнікненьня польскага жаўнера, але абставінаў гэтага здарэньня ён не агучыў. На думку Жарына, паведамленьне беларускага боку можа быць непраўдзівым.
З заявай пра зьнікненьне жаўнера выступіла кіраўніцтва адзінкі, дзе той служыў:
«У чацьвер, 16 сьнежня, пасьля абеду, была зафіскаваная адсутнасьць жаўнера 11-га артылерыйскага палка, які прапаў падчас выкананьня службовых заданьняў у ваколіцы мясцовасьці Нараўка, Семяноўка і Семяноўскае водасховішча». — гаворыцца ў паведамленьні для прэсы.
Паведамляецца, што пошукі пачаліся адразу пасьля таго, як заўважылі зьнікненьне жаўнера, і працягваюцца да гэтага часу.
«Мы не пацьвярджаем інфармацыі ў некаторых СМІ пра нібыта ўцёкі жаўнера ў Беларусь. Мы высьвятляем гэтае здарэньне», — гаворыцца ў звароце.