Канстытуцыйны суд Беларусі прыняў рашэньне наконт заходніх санкцый: «Парушаюць міжнароднае права»
Пятро Міклашэвіч
Кіраўнік Канстытуцыйнага суду Беларусі Пятро Міклашэвіч назваў парушэньнем міжнароднага права заходнія санкцыі ў дачыненьні Беларусі.
«Прынцып неўмяшаньня ва ўнутраныя справы прадугледжвае, што ні адна дзяржава або група дзяржаў ня маюць права ўмешвацца прама або ўскосна па якой заўгодна прычыне ва ўнутраныя і зьнешнія справы іншай дзяржавы. Усе формы ўмяшаньня, накіраваныя супраць правасуб’ектнасьці дзяржавы зьяўляюцца парушэньнем міжнароднага права», — сказаў Міклашэвіч, якога цытуе БелТА.
Пра гэта ён заявіў, абвяшчаючы рашэньне Канстытуцыйнага суду ў справе «Аб адпаведнасьці агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права дакумэнтаў, прынятых (выдадзеных) Эўрапейскім зьвязам і некаторымі замежнымі дзяржавамі і іх органамі, якія прадугледжваюць увядзеньне абмежавальных мер у адносінах да Рэспублікі Беларусь».
«Канстытуцыйны суд лічыць, што прынятыя Эўрапейскім зьвязам і некаторымі замежнымі дзяржавамі дакумэнты адносна асобных фізычных і юрыдычных асоб Беларусі ствараюць пэўныя складанасьці ў дзейнасьці суб’ектаў гаспадараньня ў розных галінах эканомікі, абцяжарваюць рэалізацыю сацыяльна-эканамічных, грамадзянскіх правоў і свабод грамадзян, што ў выніку закранае нацыянальныя інтарэсы Беларусі», — заявіў Міклашэвіч.