Мігранцкі крызіс: у Ірак вылецеў чарговы эвакуацыйны рэйс з 257 пасажырамі

Самалёт Iraqi Airways, ілюстрацыйнае фота

Рэйс у Арбіль выконвае авіякампанія Iraqi Airways на самалёце Boeing 737-800.

На рэйс зарэгістраваліся 257 пасажыраў і адно дзіця да двух гадоў. У 13:54 самалёт вылецеў з Нацыянальнага аэрапорту Менск у ірацкі горад Арбіль.

Папярэдні рэйс Менск — Арбіль 11 сьнежня адмянілі празь «недастатковую запоўненасьць» лайнэра.

На фоне мігранцкага крызісу ўрад Іраку ініцыяваў эвакуацыйныя рэйсы, каб забраць грамадзян сваёй краіны. Яны фармуюцца па меры зьяўленьня заявак ад ахвочых вярнуцца на радзіму. Для іх пералёт бясплатны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зь Менску ў Ірак вылецеў яшчэ адзін самалёт для эвакуацыі мігрантаў, іх вывезьлі ўжо каля 4,5 тысячы

Удакладняецца, што вялікая група ўцекачоў, якая цяпер знаходзіцца ў гандлёва-лягістычным цэнтры «Брузгі», выказала жаданьне вярнуцца на радзіму ў найбліжэйшыя дні. У стыхійным цэнтры на гэты момант знаходзяцца менш за 700 чалавек, у абсалютнай бальшыні грамадзяне Іраку і Сырыі.

Улады гэтых краін арганізавалі некалькі спэцыяльных рэйсаў — усяго больш за дзясятак. За час міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы звыш 4 тысяч мігрантаў вывезьлі ў Ірак, як мінімум паўтысячы чалавек адляцелі ў сырыйскую сталіцу Дамаск.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

120 мігрантаў зь лягера каля Брузгоў адправіліся дадому

16 сьнежня каля 120 мігрантаў, якія знаходзіліся ў транспартна-лягістычным цэнтры ў Брузгах, накіраваліся дадому па праграме дапамогі Міжнароднай арганізацыі міграцыі (МАМ), піша БелТА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У лягер мігрантаў у Брузгах прыбыла дэлегацыя МЗС Ірану, угаворваюць суайчыньнікаў вярнуцца дамоў

Краіны Эўразьвязу, найперш Польшча, Літва і Латвія, абвінавачваюць афіцыйны Менск у штучным стварэньні міграцыйнага крызісу і кіраваньні ім.