120 мігрантаў зь лягера каля Брузгоў адправіліся дадому

Ілюстрацыйнае фота. Мігранты ў транспартна-лягістычным цэнтры ў Брузгах, 17 лістапада 2021 г.
Ілюстрацыйнае фота. Мігранты ў транспартна-лягістычным цэнтры ў Брузгах, 17 лістапада 2021 г.

16 сьнежня каля 120 мігрантаў, якія знаходзіліся ў транспартна-лягістычным цэнтры ў Брузгах, накіраваліся дадому па праграме дапамогі Міжнароднай арганізацыі міграцыі (МАМ), піша БелТА.

Напярэдадні ў транспартна-лягістычным цэнтры, дзе знаходзіцца пункт разьмяшчэньня мігрантаў, працавалі з тэхнічнай місіяй прадстаўнікі МАМ. Яны прапанавалі мігрантам вярнуцца дадому па праграме МАМ па добраахвотным вяртаньні на радзіму і рэінтэграцыі. Адпаведныя заяўкі запоўнілі каля 120 чалавек, амаль усе — грамадзяне Іраку.

16 сьнежня па іх прыбылі некалькі аўтобусаў. Як расказаў каардынатар у пытаньнях надзвычайных сытуацый Міжнароднай арганізацыі міграцыі Махамэд Рэфаат, людзей даставяць у Менск, у гатэль, падрыхтуюць неабходныя дакумэнты. Адпраўкі на самалётах заплянаваныя на суботу 18 сьнежня, нядзелю, панядзелак і аўторак. Рэйсы будуць зь перасадкамі.

Праграма прадугледжвае розную дапамогу, у тым ліку ў падрыхтоўцы дакумэнтаў, суправаджэньні людзей да аэрапорту, а пры вяртаньні на радзіму ім арганізуюць трансфэр да канцавога маршруту. Для пасьпяховай інтэграцыі на радзіме ім могуць даць фінансавую падтрымку. Прадстаўнікі МАМ адзначылі, што працягнуць працаваць зь мігрантамі ў транспартна-лягістычным цэнтры па добраахвотным вяртаньні дадому.

Учора прадстаўніца Беларускага саюзу жанчын паведамляла, што ў лягеры ў Брузгах знаходзяцца больш за 800 чалавек.

​
XS
SM
MD
LG