У судзе за «акт тэрарызму» супраць удзельнікаў аўтапрабегу за Лукашэнку фігуруюць больш за 70 пацярпелых

На праўладным аўтапрабегу, архіўнае фота

У судзе Полацкага раёну разглядаецца крымінальная справа Руслана Слуцкага, якога вінавацяць «у замаху на прывядзеньне ў непрыдатнасьць чыгуначных шляхоў» (ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 309 КК), а таксама ў «акце тэрарызму» (ч. 1 арт. 289 КК).

Справу разглядае судзьдзя Андрэй Дзергачоў і два народныя засядальнікі, дзяржаўнае абвінавачаньне падтрымлівае Тацяна Шабека, паведамляе «Вясна».

На лаве падсудных — 38-гадовы жыхар Наваполацку, рамесьнік Руслан Слуцкі. Яго затрымалі 20 студзеня, ад таго часу ён пад вартай.

Паводле матэрыялаў сьледзтва, летась у кастрычніку абвінавачаны, «паддаўшыся ўплыву розных крыніц інфармацыі да заклікаў аб масавых дэструктыўных узьдзеяньнях на аб’екты інфраструктуры Беларускай чыгункі» наўмысна зьдзейсьніў злачынства супраць бясьпекі эксплюатацыі транспарту.

Акрамя таго ў лістападзе мінулага году на 122-м кілямэтры аўтадарогі Р-20 Віцебск — Полацак раскідаў ня менш за 12 самаробных «вожыкаў» і мэталічных шыпоў, ведаючы пра рух аўтамабіляў з аўтапрабегу ў падтрымку Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы не зрабілі працу над памылкамі». Як жыве дзяўчына, на якую даносілі 7 разоў

Паводле абвінавачваньня, мужчына нанёс шкоду ня менш як чатыром машынам на суму 63 рублі 51 капейка. Агулам пацярпелымі прызнаны больш за 70 грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ў прабегу.

У першы дзень судовага разгляду апыталі 12 пацярпелых, ніводзін не заявіў патрабаваньняў аб спагнаньні кампэнсацыі маральнай шкоды. На пытаньне прадстаўніка дзяржабвінавачаньня пра мэты аўтапрабегу адзін з пацярпелых растлумачыў: «Быў час выказаць грамадзянскую пазыцыю за нашу Беларусь».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сядуць, і надоўга». Лукашэнка заявіў пра затрыманьне «шпіёнаў» на беларускіх прадпрыемствах

Адзначаецца, што аўтамабілі, якія наехалі на самаробныя прыстасаваньні, належалі мясцовым рэгіянальным СМІ і аднаму з кіраўнікоў грамадзкай арганізацыі «Патрыёты Беларусі».

Руслан Слуцкі прызнаў віну часткова. Судовы разгляд працягнецца 15 сьнежня, суд плянуе апытаць іншых пацярпелых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтамат, зь якім Лукашэнка бегаў па Палацы незалежнасьці, трапіў у «экспазыцыю» пра жнівень-2020