Экс-міністарку ў справах іміграцыі Даніі прызналі вінаватай у разлучэньні пар мігрантаў. Інгер Стойбэрг, якая ўзначальвала міністэрства з 2015 па 2019 год, асудзілі на два месяцы пазбаўленьня волі за разлучэньне 23 пар непаўналетніх мігрантаў.
«Прайграла ня толькі я, але прайгралі і дацкія каштоўнасьці», — сказала Стойбэрг журналістам пасьля прысуду Вярхоўнага суду Даніі, дадаўшы, што прымае пакараньне, але не раскайваецца.
Падчас свайго знаходжаньня на пасадзе Стойбэрг заняла жорсткую пазыцыю ў пытаньні іміграцыі і ўвяла дзясяткі абмежаваньняў, паведамляе Бі-Бі-Сі. Сярод іх быў і загад з 2016 году аб тым, што ўцекачы, якім ня споўнілася 18 гадоў і якія знаходзяцца ў шлюбе, не павінны жыць разам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У лягістычным цэнтры «Брэміна-Брузгі» знаходзяцца каля 800 мігрантаў