Затрымалі прэс-сакратара кампаніі А1 і начальніка аддзелу маркетынгу «Hyundai Аўтаград»

Мікалай Брэдзелеў у чэрвені 2018 году.

Сілавікі затрымалі прэс-сакратара кампаніі мабільнай сувязі А1 Мікалая Брэдзелева. Мяркуючы па фота, якое зьявіліся ў адным з прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў, да яго прыходзілі зь ператрусам, піша Эўрарадыё.

На «пакаяльным» відэа Брэдзелеў расказвае, што перадаваў блогеру Антону Матольку інфармацыю, «зьвязаную зь яго прафэсійнай дзейнасьцю».

Кампанія А1 належыць аўстрыйскай A1 Telekom Austria Group. Амбасада Аўстрыі ў Менску адрэагавала на інцыдэнт з затрыманьнем Брэдзелева. Там назвалі парушэньнем асабістых правоў абнародаваньне відэа зь ягоным удзелам.

Пратэст на сваёй афіцыйнай старонцы ў Твітэры выказала і сама кампанія.

Сёньня ж быў затрыманы начальнік аддзелу маркетынгу кампаніі «Hyundai Аўтаград» Сяргей Бабашкоў. На відэа сілавікоў мужчына прызнаецца, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.

Ён таксама сказаў, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у мінулым годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкая кампанія Henkel адмовілася рэклямавацца на БТ пасьля крытыкі Libereco
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найбуйнейшы дзяржапэратар і мікрафірма грамадзяніна Іраку. Расказваем пра турапэратараў з 5-га санкцыйнага сьпісу Эўразьвязу