Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкая кампанія Henkel адмовілася рэклямавацца на БТ пасьля крытыкі Libereco


Менск, 15 жніўня 2020 г.

Праваабаронцы абурыліся, што перад і пасьля прапагандысцкіх выпускаў навін і праграмаў БТ, у якіх вывальваюць тоны бруду на крытыкаў рэжыму, кампанія Henkel дае рэкляму мыйных сродкаў. Henkel адрэгавала.

Як піша адна з найбуйнейшых нямецкіх газэт Frankfurter Allgemeine Zeitung, інтэнсіўная лукашэнкаўская агітацыя на дзяржаўных беларускіх тэлеканалах перамяжаецца рэклямай нямецкіх мыйных сродкаў.

«Такім чынам кампанія Henkel масіравана рэклямуецца на прапагандысцкіх каналах беларускага дыктатара. Але цяпер ёсьць прыкметы сыходу».

«Мы вельмі сур’ёзна ставімся да крытыкі, выказанай у дачыненьні да гэтай практыкі, і адаптавалі нашу мясцовую маркетынгавую дзейнасьць з улікам гэтага», — сказаў прадстаўнік кампаніі Henkel на запыт FAZ.

«Мы не браніравалі новага рэклямнага часу на беларускім дзяржаўным тэлебачаньні», — адказалі ў кампаніі.

Nestlé таксама адказала на крытыку і скараціла тэлерэкляму ў Беларусі. У ліпені іхных рэклямных ролікаў было 9% ад агульнага ліку, у лістападзе — толькі 0,4%, піша выданьне.

Паводле падлікаў нямецкай няўрадавай арганізацыі Libereco, шэсьць зь дзесяці рэклямных ролікаў на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах разьмяшчаюць заходнія кампаніі.

Пра гэта гаворыцца ў сумесным дакладзе Libereco і грамады беларусаў у Вялікай Брытаніі.

Дасьледчыкі прааналізавалі 960 рэклямных ролікаў, якія паказалі «Беларусь-1», АНТ і СТВ ад 15 да 21 лістапада. Вынік: 58% разьмешчаныя заходнімі кампаніямі, 30% — беларускімі, 12% прыпадае на долю вытворцаў з Расеі, Украіны, Індыі, Паўднёвай Карэі і некаторых іншых.

«Мы шакаваныя тым, што нямецкія кампаніі фінансуюць тэлеканалы Лукашэнкі за кошт рэклямных сродкаў, нягледзячы на шматлікія задакумэнтаваныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Перад і пасьля прапагандысцкіх выпускаў навін і праграмаў, у якіх вывальваюць тоны бруду на крытыкаў рэжыму, кампанія Henkel дае рэкляму мыйных сродкаў. Калі мэдычнае абслугоўваньне 900 палітвязьняў зусім неадэкватнае, нямецкія фармацэўтычныя кампаніі рэклямуюць свае лекі. Гэтыя вельмі сумнеўныя з маральнага пункту гледжаньня акцыі павінны быць неадкладна спыненыя», — заявіла Марка Фібэр, кіраўніца нямецкага аддзяленьня Libereco.

Больш за ўсё рэклямных ролікаў разьмясьцілі на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах наступныя кампаніі:

  • Mars (ЗША),
  • Procter & Gamble (ЗША),
  • Henkel (Нямеччына),
  • Sanofi (Францыя).
  • Queisser Pharma (Нямеччына),
  • Grindeks (Латвія),
  • Colgate-Palmolive (ЗША),
  • PepsiCo (ЗША),
  • Dr. Theiss Naturwaren (Нямеччына),
  • Sandoz (Швайцарыя),
  • GlaxoSmithKline (Вялікая Брытанія),
  • Jacobs (Нідэрлянды),
  • A1 (Аўстрыя),
  • Danone (Францыя).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG