Журналістаў за кратамі найбольш у гісторыі; Беларусь на пятым месцы ў сьвеце, — CPJ

Беларусь сярод найгоршых месцаў на мапе сьвету па колькасьці зьняволеных журналістаў

Базаваны ў Нью-Ёрку Камітэт у абарону журналістаў (CPJ) апублікаваў даклад, у якім адзначаецца, што колькасьць журналістаў за кратамі сёлета дасягнула гістарычнага максымуму.

«Выкарыстоўваючы новыя законы аб тэхналёгіях і бясьпецы, рэпрэсіўныя рэжымы ад Азіі да Эўропы і Афрыкі жорстка абрынуліся на незалежную прэсу», — гаворыцца ў дакладзе.

Паводле CPJ, па стане на 1 сьнежня за 2021 год у сьвеце 19 журналістаў былі забітыя за сваю працу, а 293 журналісты знаходзяцца за кратамі. Лічба зьняволеных большая, чым у любы з папярэдніх гадоў, калі арганізацыя вяла свае падлікі.

Найбольш зьняволеных журналістаў у Кітаі — 50. У Беларусі, паводле CPJ, цяпер зьняволеныя 19 журналістаў — акрамя Кітаю, іх больш толькі ў М’янме, Эгіпце і Віетнаме.

У дакладзе адзначаецца, што CPJ уключыла ў яго толькі тых журналістаў, у выпадку якіх пацьверджана, што іх зьняволілі ў сувязі з працай. Беларуская асацыяцыя журналістаў называе 30 зьняволеных у Беларусі журналістаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты

У дакладзе CPJ гаворыцца, што Аляксандар Лукашэнка «паказаў, як мала ён дбае пра грамадзкую думку і як шмат ён дбае пра тое, каб застацца ва ўладзе», загадаўшы прымусова пасадзіць у Беларусі самалёт кампаніі Ryanair, каб арыштаваць журналіста Рамана Пратасевіча.

Таксама гаворыцца пра справу спартовага журналіста і футбаліста Аляксандра Івуліна, якому пагражае да 4 гадоў зьняволеньня па абвінавачаньні ў «масавых беспарадках». Сярод падрабязнасьцяў — асуджэньне чалавека на 14 дзён арышту за тое, што ён надзеў клюбную футболку з нумарам 25, пад якім гуляў Івулін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэдактар «Ежедневника» Сяргея Сацука затрымалі пасьля ператрусу і допыту
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фрылансэра Свабоды Андрэя Кузьнечыка пакаралі яшчэ 10 суткамі арышту, прэзыдэнт Радыё Свабода патрабуе яго вызваленьня
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу спартовага журналіста Івуліна перадалі ў пракуратуру. Пагражае да 4 гадоў турмы