Што на саміце Эўразьвязу будуць гаварыць пра Беларусь: сярод прапановаў – перагляд Шэнгенскага памежнага кодэксу
Саміт Эўразьвязу пройдзе ў Брусэлі 16 сьнежня. Эўрапейскі карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк азнаёміўся з праектам пастановы Саміту, датычным Беларусі.
У праекце пастановы Эўрапейская Рада асуджае інструмэнталізацыю мігрантаў і ўцекачоў беларускім рэжымам і створаны ім гуманітарны крызіс. Эўразьвяз заяўляе, што і надалей будзе працягваць рэагаваць на ўсе аспэкты крызісу.
Эўрапейская Рада падкрэсьлівае важнасьць эфэктыўнай абароны зьнешніх межаў ЭЗ, у тым ліку і праз умацаваньне прававой базы ЭЗ.
У сувязі з гэтым ён заклікае Савет вывучыць прапанову Камісіі аб часовых надзвычайных мерах – у прыватнасьці, прапанову аб пераглядзе Шэнгенскага памежнага кодэксу.
Рада заклікае хутчэй выпрацаваць комплекс захадаў супраць транспартных кампаній, якія займаюцца незаконнай перавозкай мігрантаў, а таксама ўсіх мер, якія забясьпечылі б выкананьне пятага пакету санкцыяў супраць афіцыйнага Менску. Сярод задач таксама – забесьпячэньне доступу міжнародных арганізацый у Беларусь і ўзмацненьне гуманітарнай дапамогі; дапамога ў вяртаньні мігрантаў
Эўрапейская рада паўтарае свой заклік да неадкладнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных і спыненьня рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ.
Напярэдадні, 15 сьнежня, у Брусэлі пройдзе саміт «Усходняга партнэрства». Беларусь на саміце будзе прадстаўленая пустым крэслам з афіцыйным сьцягам РБ.