Горадзенскі лясгас адказаў на пэтыцыю аб высечцы дрэў мігрантамі

Аляксандар Лукашэнка выступае перад мігрантамі ў Брузгах. 26 лістапада 2021 г.

На пачатку лістапада зьявілася пэтыцыя з патрабаваньнем праверыць законнасьць высечкі лесу мігрантамі каля беларуска-польскай мяжы недалёка ад пункту пропуску «Брузгі».

Яе падпісалі 1500 чалавек, ліст накіравалі ў Горадзенскі лясгас і абласную інспэкцыю аховы жывёльнага і расьліннага свету.

На запыт прыйшоў адказ. У прыватнасьці, кіраўніцтва дзяржаўнай установы «Горадзенскі лясгас» заявіла, што зямля ім не належыць.

У лісьце за подпісам дырэктара Віталя Яшкіна гаворыцца, што ўказаны ў звароце ўчастак, «пакрыты драўнінна-хмызьняковай расьліннасьцю», не адносіцца да земляў фонду лясгасу. Там парэкамэндавалі зьвярнуцца ва «ўпаўнаважаныя органы» для складаньня пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях «за незаконнае выдаленьне, пашкоджаньне драўнінна-хмызьняковай расьліннасьці, якая расьце за межамі населеных пунктаў і не ўваходзіць у склад земляў ляснога фонду».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Беларусы ня могуць прыйсьці сюды без дазволу, а мы тут». Паразмаўлялі зь мігрантам на мяжы

Пра інцыдэнт на беларуска-польскай мяжы стала вядома 8 лістапада, калі фатаграфіі мігрантаў, якія сякуць дрэвы ў стыхійным лягеры, апублікавала дзяржаўнае агенцтва БелТА.

На наступны дзень журналіст Свабоды Дзьмітры Гурневіч патэлефанаваў у Горадзенскі лясгас даведацца, ці можна яму насекчы сабе дрэваў, як гэта рабілі мігранты. Чыноўнікі заявілі, што секчы лес забаронена, але самі яны ў гэтай сытуацыі нічога зрабіць ня могуць.

«Усім займаюцца іншыя людзі. Тэлефануйце да памежнікаў, гэта яны кантралююць. Мы праўда нічога ня можам зрабіць, але мы вельмі абураныя тым, што там адбываецца», — адказалі ў ведамстве.

Незаконная высечка лесу прадугледжвае штраф у памеры да 30 базавых велічыняў — 870 рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Нас вельмі шмат, і ідуць яшчэ». Пагаварылі зь мігрантам у лягеры на беларуска-польскай мяжы. ВІДЭА