Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы ня могуць прыйсьці сюды без дазволу, а мы тут». Паразмаўлялі зь мігрантам на мяжы


Багадын Мухсін Кадыр з поўначы Іраку ўжо некалькі дзён знаходзіцца на беларуска-польскай мяжы на памежным пункце «Брузгі». У інтэрвію Радыё Свабода ён расказаў пра настроі ў лягеры, пра тое, чаму беларусы добрыя і чаго мігранты чакаюць ад перамоваў Лукашэнкі і Мэркель.

Увечары мігрантаў з намётаў перавялі ў лягістычны цэнтар, аднак для ўсіх там не хапае месца. Шмат людзей застаюцца на вуліцы на марозе.

Мяне завуць Багадын Мухсін Кадыр. Я з поўначы Іраку. Я тут адзін, сям’ю пакінуў там — у мяне чацьвёра дзяцей: два сыны, два хлопцы, я пакінуў іх у Іраку.

— А чаго вы цяпер тут чакаеце?

— Мы проста чакаем эўрапейскага рашэньня адкрыць нам мяжу.

— І гэта ўвесь ваш плян?

— Ну, у гэты момант гэта ўвесь плян: чакаць, чакаць і чакаць, пакуль яны не адкрыюць мяжу.

— Якая цяпер тут ваша сытуацыя? З холадам, зь ежай?

— Холад, уначы бывае мінус тры, мінус чатыры. Калі дождж, нам няма куды схавацца. І ў нас няма лягераў, дзе можна было б начаваць — мы начуем пад небам, у нас ёсьць спальныя мяхі. Так. Холадна, холадна...

— Што вы думаеце пра размову Лукашэнкі з Мэркель?

— Мы глядзім пазытыўна на гэтую сустрэчу паміж Мэркель і Лукашэнкам. Спадзяёмся, што будуць добрыя навіны для нас і для краін, як Беларусь або Эўрапейскі Зьвяз, Польшча, Нямеччына, усіх краін. Я спадзяюся, што знойдуцца людзі, якія дасягнуць міру паміж гэтымі краінамі, вось на што мы спадзяёмся.

— Які настрой пераважае ў лягеры мігрантаў?

— Што да лягера... Тут усё яшчэ ёсьць нехта, вакол мяне, або ў лесе. Ёсьць яшчэ іншыя, што пайшлі ў вялікі склад, які называюць лягерам, але гэта ня лягер, а проста вялікі пусты склад, іх усіх завялі туды. Яны даюць ім ежу, прыносяць адзеньне, у іх там ёсьць туалет і ўсё. А мы тут яшчэ нічога ня маем. Ёсьць яшчэ адзін лягер, на поўнач адсюль, ужо каля Літвы, я думаю, што той — гэта ўжо сапраўдны лягер. Так што некага ўзялі туды, нехта застаўся тут, а нехта — у тым складзе. Мы на трох месцах.

— Ці зьмянілася стаўленьне да вас з боку беларускіх уладаў: міліцыі, памежнікаў?

— Яны заўсёды былі да нас добрыя. Яны прыносяць ежу, прыносяць пітво. Яны дапамагаюць нам, калі шчыра. Пілаваць дрэвы, разводзіць агонь. Сядзяць з намі. Яны дапамагаюць, шмат дапамагаюць, даюць пілы пілаваць дрэвы.

Насамрэч тое, што мы тут, — мы ня мусілі б тут быць, бо гэта вайсковая зона, нікога з цывільных людзей сюды не пускаюць. А мы тут... Яны добрыя, паверце, яны нам нічога ня кажуць. Бо тут сапраўды не павінна быць ніякіх цывільных людзей. Быць тут... нават беларусы ня могуць тут заставацца, ня могуць сюды прыйсьці без дазволу. А мы тут ужо доўга, яны нам дапамагаюць, даюць ежу, пітво, клапоцяцца пра дзяцей, калі нехта захварэе — вязуць у шпіталь. Гэта шчыра, яны робяць дабро.

Увечары мігрантаў з намётаў перавялі ў лягістычны цэнтар, аднак для ўсіх там не хапае месца. Шмат людзей застаюцца на вуліцы на марозе.

— Вось гэта лягер, гэта такі вялікі склад, але ёсьць людзі, якія застаюцца тут, каля складу. У тым складзе цяпер разьмясьцілася каля дзьвюх тысяч чалавек. Для астатніх людзей месца не знайшлося. Яны спрабуюць вырашыць сытуацыю, нешта арганізаваць. Каб знайсьці новае месца для вось гэтых людзей, бо тут таксама застаецца шмат дзяцей. Гэта жахліва, бо тут холадна, сапраўды холадна. Вось такая цяпер сытуацыя. Мы цяпер недзе каля кілямэтра ад мяжы.

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG