У лесе каля польска-беларускай мяжы загінула аднагадовае дзіця мігранта

Ілюстрацыйнае фота. На беларуска-польскай мяжы
Ілюстрацыйнае фота. На беларуска-польскай мяжы

Ратавальнікі Польскага цэнтру міжнароднай дапамогі паведамілі 18 лістапада, што ўначы яны дапамаглі тром людзям і ад іх даведаліся аб сьмерці дзіцяці.

«Пасьля 2:26 мы атрымалі паведамленьне аб тым, што як мінімум адзін чалавек, які цяпер знаходзіцца ў лесе, мае патрэбу ў мэдычнай дапамозе. На месцы высьветлілася, што тры чалавекі атрымалі раненьні. Яны знаходзіліся ў лесе 1,5 месяца!» — напісалі ратавальнікі Польскага цэнтру міжнароднай дапамогі ў Twitter.

Паводле ратавальнікаў, у маладога чалавека ўзьніклі моцныя болі ў жываце. Ён быў галодны і абязводжаны. Акрамя яго, у дапамозе мела патрэбу сырыйская пара. У мужчыны была ірваная рана на руцэ, а ў жанчыны — нажавое раненьне галёнкі. «Іх дзіця, якому быў адзін год, памерла ў лесе», — паведамляюць ратавальнікі. Жанчыну і дваіх мужчын зь лесу даставілі ў бальніцы.

Два дні таму ратавальнікі ПЦМД пачалі дзяжурства ў прыгранічнай зоне. Паводле іх, найбольш частыя выпадкі сярод мігрантаў — пераахалоджваньне і прастуды.

Паводле журналіста RMF FM Матэвуша Хлыстуна, цяпер у бальніцы ў Гайнаўцы каля дзясятка чалавек, якіх знайшлі ў лясах групы, што патрулююць прымежную тэрыторыю. У большасьці выпадкаў гэтыя людзі змогуць выпісацца са шпіталя празь некалькі дзён. Усяго зь верасьня ў бальніцу трапілі каля двухсот мігрантаў.

  • 12 лістапада каля польскай вёскі Вулька Церахоўская ў лесе знайшлі цела 20-гадовага сырыйца. Ускрыцьце паказала, што прычынай сьмерці мужчыны магло быць пераахаладжэньне. Паводле інфармацыі, раней прадстаўленай паліцыяй, з канца верасьня ў Падляскім ваяводзтве ў прыгранічнай зоне зь Беларусьсю былі знойдзеныя целы яшчэ шасьці іншаземцаў.
  • З пачатку 2021 году польскія памежнікі зафіксавалі больш за 33 тысячы спробаў незаконна перасекчы польска-беларускую мяжу. З 2 верасьня з прычын міграцыйнага крызісу ў прымежнай зь Беларусьсю зоне (у 183 населеных пунктах) дзейнічае надзвычайнае становішча.

​
XS
SM
MD
LG