Навіны палітвязьняў: Фігуранта «справы студэнтаў» Ілью Трахтэнберга пазбаўляюць спатканьняў з роднымі

Ільля Трахтэнбэрг

Сёньня ў Беларусі 887 чалавек маюць статус палітзьняволеных. Усе яны знаходзяцца ў турмах за сваю грамадзянскую пазыцыю, але нават за кратамі на іх працягваюць ціснуць сілавікі.

Бацька Ільлі Трахтэнберга на сваёй старонцы ў Facebook напісаў, што адміністрацыя папраўчай калёніі № 15 пазбавіла ягонага сына працяглага спатканьня. Прычына: хлопец пакінуў сушыцца ручнік на рагу нары.

Акрамя гэтага, раней палітвязьня ўжо пазбавілі двух кароткатэрміновых спатканьняў і не ўручылі вітаміннай перадачы, паведамляюць праваабаронцы.

Ільля Трахтэнберг — фігурант «справы студэнтаў», яго адлічылі з другога курсу матэматычнага факультэту БДУ.

16 ліпеня суд Савецкага раёну Менску прысудзіў палітвязьню 2,5 года калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджаных у «справе студэнтаў» прызналі «схільнымі да экстрэмізму»

Праваабарончы цэнтар «Вясна» піша, што фігурантаў палітычных крымінальных справаў пачалі пераводзіць у СІЗА-1. Апошнім часам зь СІЗА КДБ у СІЗА-1 на Валадарскага перавялі палітвязеня Эдуарда Бабарыку, анархістаў Ігара Аліневіча, Дзьмітрыя Дубоўскага, Сяргея Раманава, Дзьмітрыя Разановіча і затрыманага ў «справе аб дзяржперавароце» Дзяніса Краўчука.

З чым зьвязана прычына пераводу, невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ўсё яшчэ змагаемся». Што адбываецца са студэнцкім рухам праз год пасьля «справы студэнтаў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд над анархістамі ідзе ў закрытым рэжыме чацьвёрты дзень, трое адмовіліся наведваць пасяджэньні