Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над анархістамі ідзе ў закрытым рэжыме чацьвёрты дзень, трое адмовіліся наведваць пасяджэньні


Суд над анархістамі. Менск, 15 лістапада 2021 г.

У Менскім абласным судзе на працягу тыдня ў закрытым рэжыме ідзе працэс у крымінальнай справе супраць анархістаў Ігара Аліневіча, Дзьмітрыя Дубоўскага, Дзьмітрыя Разановіча і Сяргея Раманава.

Іх вінавацяць паводле шэрагу крымінальных артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынку ДАІ і дзяржаўнага камітэту экспэртыз у Гомельскай вобласьці.

На пачатку працэсу судзьдзя Валер Тулека па хадайніцтве пракурора зрабіў разгляд справы закрытым для слухачоў; прычына — абарона пэрсанальных зьвестак трох пацярпелых, якія праходзяць у справе, паведамляе «Вясна».

Вядома, што прынамсі трое абвінавачаных — Аліневіч, Разановіч і Раманаў — не прысутнічаюць на судзе. Як вынікае зь ліста аднаго з падсудных Дзьмітрыя Дубоўскага, апублікаванага тэлеграм-каналам «Права на паўстаньне», яны адмовіліся наведваць паседжаньні «да пэўнага моманту».

«Безумоўна, засмуціла яшчэ і тое, што Вас (тых, хто прыйшоў) выдалілі з залі і зрабілі паседжаньне закрытым, што, у прынцыпе, было чакана.

Пасьля гэтага наагул не хацелася там заставацца, у прынцыпе, што і зрабілі мае таварышы, якія вырашылі не наведваць паседжаньні да вызначанага моманту, каб не псаваць сабе нэрвы і не марнаваць сілы на бескарыснае мерапрыемства. Я, у сваю чаргу, пакуль яшчэ наведаю адно паседжаньне, паназіраю за працэсам... але без асаблівага ўмяшаньня з свайго боку. Будзем чакаць спрэчкі бакоў і апошняга слова з прысудам. Здаецца, усе абяцалі зьявіцца і вярнуцца ў суд менавіта ў гэтыя апошнія дні разгляду справы! :)»

У лісьце Дубоўскі таксама піша, што рады быў урэшце пабачыць у судзе сястру Юлію, зь якой яны ня бачыліся каля 10 гадоў, дзякуе ўсім, хто прыйшоў у суд, каб падтрымаць фігурантаў справы. «Моцна не хвалюйцеся, усё хутка скончыцца і абавязкова павернецца ў добры бок!» — напісаў ён.

Анархісты Ігар Аліневіч, Дзьмітры Дубоўскі, Дзьмітры Разановіч і Сяргей Раманаў былі затрыманыя ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 году непадалёк ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Іх вінавацяць паводле шэрагу крымінальных артыкулаў:

  • ч. 2 арт. 289 КК — акт тэрарызму;
  • ч. 2 і ч. 4 арт. 295 КК — незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;
  • ч. 1 арт. 333-1 КК— незаконнае перамяшчэньне празь мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прыладаў (толькі Дзьмітрыя Дубоўскага і Ігара Аліневіча).

Больш за год іх трымаюць у СІЗА КДБ, ім пагражае да 20 гадоў зьняволеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG