Spiegel: У санкцыйны сьпіс уключаць «Белавія», «Гродна Азот» і «Беларусьнафту»

Ілюстрацыйнае фота

Паводле нямецкага выданьня Spiegel, у пятым пакеце санкцый Эўразьвязу супраць беларускага рэжыму апынуцца «Белавія» і дзьве іншыя буйныя беларускія кампаніі.

Spiegel адзначае, што, акрамя «Белавія» і беларускіх чыноўнікаў, якіх Брусэль вінаваціць у перавозцы мігрантаў да зьнешняй мяжы Эўразьвязу, у сьпісе апынуцца «Гродна Азот» і «Беларусьнафта», а таксама сырыйская чартэрная авіякампанія Cham Airlines і турэцкі пастаўнік пашпартна-візавых паслуг VIP Grub.

Spiegel таксама паведамляе, што ў санкцыйны сьпіс трапілі беларускія турыстычныя кампаніі «Аскартур» і «Цэнтркурорт».

Падаючы гэтую інфармацыю, Spiegel спасылаецца на канфідэнцыйны сьпіс, зацьверджаны кіраўніком дыпляматыі ЭЗ Жузэпам Бурэлем, зь якім пазнаёміліся журналісты выданьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіраўнікі парлямэнтаў Польшчы і краінаў Балтыі заклікалі неадкладна ўжыць новы пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі

Паводле нямецкага выданьня, за ўнясеньне «Белавія» ў санкцыйны сьпіс выступалі Польшча і краіны Балтыі, а сумневы мела Нямеччына.

У чацьвер, 25 лістапада, займацца санкцыйным сьпісам будуць экспэрты краін-чальцоў ЭЗ; у панядзелак, 29 лістапада, яго могуць зацьвердзіць амбасадары. Канчатковае рашэньне можа быць прынята на міністэрскай сустрэчы ў канцы наступнага тыдня, піша Spiegel.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЭЗ прапануе ўнесьці ў чорны сьпіс транспартных апэратараў, якія спрыяюць незаконнаму перавозу людзей