Пра зьніжэньне ўзроўню дыпляматычнага прадстаўніцтва паведаміла ў нядзелю Міністэрства замежных спраў Кітаю. У Вільні і Пэкіне больш ня будуць працаваць амбасадары краін, а ўзначаляць місіі дыпляматы ніжэйшага рангу.
Сьцьвярджаецца, што кітайскі ўрад вымушаны пайсьці на гэткі крок, «каб абараніць свой сувэрэнітэт і асноўныя нормы ў міжнародных адносінах», а «ўрад Літвы павінен прыняць усе наступствы».
Міністэрства замежных спраў Кітаю лічыць, што дзеяньні Літвы стварылі «дрэнны прэцэдэнт у міжнароднай прасторы».
Таксама ў сваёй заяве кітайскае МЗС засьцерагло ўлады Тайваню ад далейшага курсу на незалежнасьць.
«Тайвань ніколі ня будзе краінай. Як бы сілы „незалежнасьці Тайваню“ ні спрабавалі скажаць факты і блытаць чорнае зь белым, гістарычны факт, што мацерыковая частка і Тайвань належаць аднаму і таму ж Кітаю, гэта нельга зьмяніць. Спробы шукаць замежнай падтрымкі для палітычных маніпуляцый апынуцца ў тупіку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнтагон заявіў, што Кітай імкліва нарошчвае ядзерны патэнцыялКітай некалькі месяцаў таму адклікаў свайго амбасадара ў Літве і запатрабаваў ад Літвы зрабіць тое самае. Амбасадарка Дыяна Міцкявічэне вярнулася ў Вільню для кансультацый у пачатку верасьня. Кітай абураны рашэньнем Літвы дазволіць тайваньскай місіі працаваць пад назвай вострава, бо Пэкін бачыць спробы Тайваню дзейнічаць як незалежная дзяржава.
У іншых месцах сьвету тайваньскія прадстаўніцтвы дзейнічаюць ад імя сталіцы Тайбэю на хвалі міжнароднага кансэнсусу аб тым, што назва не супярэчыць палітыцы «аднаго Кітаю», якая не разглядае Тайвань як асобную дзяржаву.
Літоўскія бізнэсоўцы кажуць, што спрэчкі паміж Вільняй і Пэкінам значна ўскладнілі гандаль з гэтай азіяцкай краінай, адзначае BNS.
Увесну 2021-га Літва выйшла з фармату супрацоўніцтва Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы зь Кітаем 17+1, а ў апошнія гады ўмацавала адносіны зь іншымі краінамі Далёкага Ўсходу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі адмірал: Кітай можа пайсьці на захоп Тайваню ў наступныя шэсьць гадоўКітай лічыць Тайвань часткай сваёй тэрыторыі. Невялікая паводле тэрыторыі астраўная дзяржава з насельніцтвам 23 мільёны чалавек адчувае штораз большы палітычны і вайсковы ціск з боку Пэкіну. Часткай гэтага ціску сталі неаднаразовыя ўварваньні кітайскіх вайскова-паветраных сілаў у зону супрацьпаветранай абароны Тайваню.
Прэзыдэнтка Тайваню Цай Інвэнь праводзіць незалежны ад Пэкіну курс. Яна неаднаразова крытыкавала Кітай, паводле яе шлях разьвіцьця, прапанаваны Пэкінам, не зьвязаны ні са свабодай, ні з дэмакратыяй, і выступае за ўласны шлях народу Тайваню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тайвань умацоўвае абарону ў адказ на жаданьне Кітаю «мірна» ўзьяднацца