Стала вядома, чаму Сьледчы камітэт адмовіў палітзьняволенай Залатар у завядзеньні справы на ГУБАЗіК за катаваньні

Вольга Залатар, архіўнае фота

«Заявы Залатар аб прычыненьні ёй цялесных пашкоджаньняў не адпавядаюць рэчаіснасьці, бо яны мелі месца да яе затрыманьня».

З такой фармулёўкай Сьледчы камітэт Беларусі адмовіў палітзьняволенай ў завядзеньні крымінальнай справы на супрацоўнікаў ГУБАЗіК, паведамляе «Вясна».

Працэс над шматдзетнай маці Вольгай Залатар, якая ўжо 8 месяцаў знаходзіцца за кратамі, пачаўся ў гарадзкім судзе Менску раніцай 15 лістапада.

Вольгу Залатар абвінавачваюць у стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, арганізацыі і навучаньні дзеяньням, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама ў пасобніцтве. Паводле выстаўленых ёй чатырох артыкулаў КК Залатар пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі. Справу Вольгі Залатар разглядае судзьдзя Анастасія Папко. Бок дзяржаўнага абвінавачаньня падтрымлівае пракурорка Жанна Баранава.

Паводле дзяржаўнай абвінаваўцы, увосень 2020 году Вольга Залатар некалькі разоў асабіста брала ўдзел у акцыях пратэсту ў Менску, а таксама была актыўнай арганізатаркай акцый у Ждановічах, дзе стала жыве з мужам і дзецьмі. Пры гэтым, па словах пракуроркі Баранавай, Вольга Залатар арганізоўвала акцыі з дапамогай нявызначанай тэхнікі і з удзелам нявызначаных асобаў. Паводле вэрсіі абвінавачваньня, Залатар таксама зьбірала неабходныя для арганізацыі пратэстаў грошы і арганізавала дапамогу затрыманым удзельнікам акцый пратэсту.

Вольга Залатар не прызнала сваёй віны ні па адным з артыкулаў абвінавачаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся суд над Вольгай Залатар, яна не прызнала віны ні па адным з артыкулаў

Як раней паведаміў адвакат Вольгі Андрэй Мачалаў, падчас допытаў Вольга заявіла, што ў дзень затрыманьня 18 сакавіка да яе ўжывалася фізычная сіла. Адвакаты выявілі ў жанчыны сінякі на руках, шыі і ягадзіцах.
З матэрыялаў справы, агучаных на судзе, стала вядома, што экспэрты аглядалі Вольгу ў ізалятары толькі 6 красавіка — больш чым праз два тыдні пасьля затрыманьня, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

У заключэньні пазначана, што пры аглядзе экспэртам у Залатар цялесных пашкоджаньняў ня выяўлена. Згодна з прад'яўленым мэдыцынскім дакумэнтам у Залатар былі сінякі сіняга колеру на левай і правай ягадзіцы, якія маглі ўтварыцца ад траўматычных уздзеяньняў і тупога прадмета.

Раней Залатар і яе абаронца Мачалаў падавалі заяву на завядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да старшага опэрупаўнаважанага супрацоўніка ГУБАЗіКа Тверацінава па факце перавышэньня і злоўжываньня ўлады або службовых паўнамоцтваў (артыкулы 424 і 426 Крымінальнага кодэкса) у сувязі з ужываньнем фізычнай сілы да Вольгі.

Як вынікае з матэрыялаў справы, адвакат Андрэй Мачалаў пасьля затрыманьня запатрабаваў кнігу аб ужываньні фізычнай сілы і спэцыяльных сродкаў у дачыненьні да затрыманых, аднак па запісах у ёй 18 сакавіка да Залатар не ўжывалася фізычная сіла.

20 красавіка ў завядзеньні крымінальнай справы аб перавышэньні службовых паўнамоцтваў супрацоўнікам ГУБАЗіКа было адмоўлена на падставе адсутнасьці ў яго дзеяньнях складу злачынства. Сьледчы камітэт вырашыў, што «заявы Залатар аб прычыненьні ёй цялесных пашкоджаньняў не адпавядаюць рэчаіснасьці, паколькі яны мелі месца да яе затрыманьня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта ўлады тэрарызуюць шматдзетных маці

Маці пяцярых дзяцей Вольгу Залатар затрымалі ў пасёлку Ждановічы ў канцы сакавіка. У той жа дзень дома ў Вольгі прайшоў ператрус, яе мужа арыштавалі на 10 сутак. Саму жанчыну перавялі ў СІЗА-1 Менску і празь некалькі дзён абвінавацілі ў арганізацыі і навучаньні дзеяньням, скіраваным на прычыненьне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Фармавала ва ўдзельнікаў супольнасьцяў устойлівыя псыхалягічныя якасьці». Скончыўся першы дзень суду па справе Вольгі Залатар