Улады Нямеччыны не заключалі з Аляксандрам Лукашэнкам ніякіх дамоўленасьцяў у пытаньні аб урэгуляваньні крызісу з мігрантамі на польска-беларускай мяжы. «Сытуацыя на мяжы — гэта эўрапейская праблема, у якой Нямеччына дзейнічае не ў адзіночку», — падкрэсьліла ў гутарцы з агенцтвам Reuters у чацвер ананімная крыніца ў нямецкім урадзе, піша DW.
Раней прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант заявіла, што Менск абавязаўся спрыяць вяртаньню на радзіму 5000 мігрантаў, калі Эўразьвяз створыць для 2000 мігрантаў гуманітарны калідор, каб тыя маглі трапіць у Нямеччыну. Паводле Эйсмант, такі варыянт быў прапанаваны падчас першай размовы Лукашэнкі з выканаўцай абавязкаў канцлера ФРГ Ангелай Мэркель.
Натальля Эйсмант
Паводле вэрсіі Эйсмант, словы якой прывяло агенцтва БЕЛТА, на гэты конт нібыта ўжо дасягнутыя дамоўленасьці. «Ангела Мэркель, паводле дамоўленасьцяў, будзе весьці перамовы з ЭЗ, у тым ліку аб арганізацыі гуманітарнага калідору ў Нямеччыну», — сьцьвярджала Эйсмант.
Прадстаўніца Лукашэнкі дадала, што ў Беларусі застаюцца каля 7000 мігрантаў. «Зь іх на мяжы — у так званым стыхійным лягеры — каля 2000 чалавек», «і ад 200 да 500 чалавек — паводле інфармацыі — таксама знаходзяцца на мяжы, але стыхійна, у іншых пунктах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Беларусы ня могуць прыйсьці сюды без дазволу, а мы тут». Паразмаўлялі зь мігрантам на мяжы«У сувязі з тым, што ў апошнія двое содняў — ужыўшы супраць мірных уцекачоў сьлезацечны газ, сьвятлашумавыя гранаты, выкарыстоўваючы ядахімікаты, гербіцыды, пэстыцыды і гэтак далей — польскі ўрад абвесьціў гэта нейкай „перамогай“, прычым ня толькі над Беларусьсю, але і над Расеяй. Прэзыдэнт у сувязі з гэтым на нарадзе зь міграцыйнымі службамі і іншымі органамі ўлады даручыў максымальна спрыяць вяртаньню ўцекачоў на радзіму і выкананьню іх іншых пажаданьняў. Умова адна - іх жаданьне. Сілай выштурхоўваць у Ірак, Сырыю ці іншыя краіны - мы нікога не будзем», — падкрэсьліла Эйсмант.
Пацьверджаньняў, што Мэркель і Лукашэнка абмяркоўвалі такі варыянт выхаду з крызісу на мяжы або што былі выпрацаваныя якія б ні было пагадненьні на гэты конт, ні ад Мэркель, ні ад ураду Нямеччыны не паступала.