Мігранцкі крызіс: Генпракуратура Беларусі завяла крымінальную справу на вышэйшых службовых асоб Польшчы

Мігранты кідаюць камяні ў польскіх сілавікоў

Справа заведзеная па артыкуле аб прапагандзе вайны.

З заявай з гэтай нагоды выступіў генэральны пракурор Андрэй Швед.

«Службовымі асобамі Рэспублікі Польшча груба парушаюцца патрабаваньні міжнароднага права, якое вызначае асноўныя грамадзянскія і палітычныя правы ўцекачоў, а таксама грамадзян Беларусі. Робяцца спробы і парушаецца недатыкальнасьць дзяржаўнай мяжы нашай краіны. Зьдзяйсьняюцца іншыя шматлікія супрацьпраўныя дзеяньні супраць чалавецтва», — сказаў Андрэй Швед.

«Намі зафіксаваныя неаднаразовыя публічныя выступленьні шэрагу грамадзян Польшчы, у тым ліку службовых асоб, з заклікамі ажыцьцявіць агрэсію Польшчы ў дачыненьні да Рэспублікі Беларусь. У гэтым выпадку размова ідзе аб наяўнасьці складу прыкметы злачынства, прадугледжанага арт. 123 Крымінальнага кодэксу нашай краіны. А менавіта — прапаганда вайны. У сувязі з гэтым Генэральнай пракуратурай распачатая крымінальная справа, расьсьледаваньне якой даручана Сьледчаму камітэту Беларусі».

Швед заявіў, што «інфармацыю аб злачынных дзеяньнях», учыненых вышэйшымі службовымі асобамі Польшчы, накіруюць ва ўсе міжнародныя арганізацыі, уключаючы ААН, Раду Эўропы і іншыя.

Сьледчы камітэт Беларусі раней завёў крымінальную справу па факце абароны польскай мяжы ад нападаў мігрантаў з дапамогай вадамётаў і іншых спэцсродкаў паводле арт. 128 КК (злачынства супраць бясьпекі чалавецтва. Масавыя акты жорсткасьці, якія зьдзяйсьняюцца ў сувязі з расавай і этнічнай прыналежнасьцю).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

СК Беларусі завёў на польскіх памежнікаў справу «за злачынствы супраць бясьпекі чалавецтва», палякі таксама вядуць сьледзтва

12 польскіх сілавікоў былі траўмаваныя падчас нападу мігрантаў

Па фактах нападу на польскіх сілавікоў, спробаў зламаць агароджу і знаходжаньня ў памежнай зоне крымінальнай справы зь беларускага боку няма. Але такую справу завялі ў Польшчы.

16 лістапада мігранты кідалі камяні ў польскіх ахоўнікаў мяжы, спрабуючы прарвацца зь Беларусі. У выніку ў Польшчы пацярпелі 12 чалавек, паведаміў галоўны камэндант паліцыі Яраслаў Шымчык у эфіры Polsatnews.

Яраслаў Шымчык заявіў, што пракуратура гораду Саколкі пачала сьледзтва аб штурме польскай мяжы і нападах на супрацоўнікаў паліцыі.

Тады траўмы атрымалі 9 паліцыянтаў, 2 памежнікі і 1 вайсковец. Адна з параненых паліцыянтаў — жанчына, у яе траўма галавы. Такая ж траўма яшчэ ў аднаго паліцыянта. У іншых параненых — траўмы канцавін.

Яраслаў Шымчык лічыць, што людзі, якія спрабавалі прарваць мяжу, прайшлі навучаньне ў Беларусі, а сярод самых агрэсіўных зь іх былі супрацоўнікі беларускіх службаў. Доказам удзелу беларускіх сілавікоў у атацы Шымчык назваў і тое, што ў мігрантаў былі сьвятлашумавыя гранаты.

За сьмерці, пабоі, катаваньні і ўжываньне спэцсродкаў падчас разгону акцыяў пратэсту 2020 году ў Беларусі ніводнай крымінальнай справы не завялі.