Украіна атрымае дапамогу краін Люблінскага трыкутніка і ЭЗ для ўзмацненьня сваіх межаў

Дзьмітро Кулеба

Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба паведаміў, што на тле міграцыйнага крызісу на беларуска-эўрапейскай мяжы Ўкраіна актывізуе супрацоўнітва па ўзмацненьні аховы сваіх межаў.

«Мы плённа працуем з нашымі партнэрамі, і ў рамках Люблінскага трыкутніка — з Польшчай і Літвой, і на двухбаковым узроўні з Эўрапейскай камісіяй ня толькі для разьвязаньня гэтай крызіснай сытуацыі, якая склалася на мяжы Беларусі і Польшчы, але таксама і для ўзмацненьня беларуска-ўкраінскай мяжы», — паведаміў Дзьмітро Кулеба 18 лістапада на брыфінгу ў Кіеве.

Паводле яго, тэму ўзмацненьня аховы ўкраінскіх межаў таксама абмеркавалі 17 лістапада прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міністры замежных спраў G7 у сувязі зь мігранцкім крызісам заклікалі «пакласьці канец дзеяньням рэжыму Лукашэнкі»

У прэсавай службе прэзыдэнта Ўкраіны ўдакладнілі, што ў часе тэлефоннай размовы Ўладзімір Зяленскі і Урзуля фон дэр Ляен канстатавалі: «міграцыйны крызіс зьяўляецца гібрыднай атакай, якая патрабуе супольных дзеяньняў і ўзаемадзеяньня».

У прыватнасьці, яны абмеркавалі шляхі актывізацыі супрацоўніцтва Ўкраіны і Эўразьвязу ў міграцыйнай сфэры і дапамогі для абсталяваньня ўкраінска-беларускай мяжы.