«Мы, міністры замежных спраў Вялікай сямёркі — Канады, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Японіі, Злучанага Каралеўства і Злучаных Штатаў Амэрыкі, а таксама Высокі прадстаўнік Эўрапейскага Зьвязу — асуджаем арганізацыю беларускім рэжымам незаконнай міграцыі праз свае межы. Гэтыя бяздушныя дзеяньні ставяць пад пагрозу жыцьці людзей. Мы адзіныя ў нашай салідарнасьці з Польшчай, а таксама зь Літвой і Латвіяй, якія сталі мішэньню гэтага правакацыйнага выкарыстаньня нелегальнай міграцыі ў якасьці гібрыднай тактыкі», — гаворыцца ў заяве, разьмешчанай на сайце ўраду Вялікай Брытаніі.
«Мы заклікаем рэжым, — пішуць міністры, — неадкладна спыніць сваю агрэсіўную і эксплюататарскую кампанію, каб прадухіліць далейшыя сьмерці і пакуты. Неабходна даць міжнародным арганізацыям неадкладны і бесьперашкодны доступ для дастаўкі гуманітарнай дапамогі. Дзеяньні беларускага рэжыму — гэта спроба адцягнуць увагу ад пагарджаньня міжнародным правам, асноўнымі свабодамі і правамі чалавека, уключаючы правы ўласнага народу».
Таксама міністры замежных справаў G7 пішуць, што яны вітаюць высілкі Эўрапейскага Зьвязу, які цесна супрацоўнічае з краінамі паходжаньня і транзыту, каб пакласьці канец дзеяньням рэжыму Лукашэнкі.
«Мы працягнем працаваць разам, каб прыцягнуць да адказнасьці вінаватых і падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць і правы чалавека ў Беларусі», — гаворыцца ў заяве.