«Белавія» спыніла перавозку патэнцыйных мігрантаў з Ташкенту

Раней «Белавія» адмовілася перавозіць з Турэччыны і Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў у Беларусь грамадзян Іраку, Сырыі і Емэну на рэйсах з Дубаю.

Авіякампанія «Белавія» прыпыняе перавозку грамадзян Афганістану, Іраку, Емэну, Лібану, Лібіі і Сырыі са сталіцы Ўзбэкістану.

Пра гэта паведамілі ў прэс-службе кампаніі:

«У адпаведнасьці з рашэньнем кампэтэнтных органаў Узбэкістану з 17.11.2021 грамадзяне Афганістану, Іраку, Емэну, Лібану, Лібіі і Сырыі ня будуць прымацца да перавозкі на рэйсах авіякампаніі „Белавія“, якія накіроўваюцца з Ташкенту ў Менск», — праінфармавалі ў кампаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Белавія» выканала патрабаваньне турэцкіх уладаў і спыніла перавозку грамадзян Афганістану ў Менск

Авіякампанія «Белавія» раней паведаміла, што грамадзяне Афганістану ня будуць прымацца да перавозкі на рэйсах, якія ляцяць з Турэччыны ў Беларусь, гаворыцца ў паведамленьні на сайце авіяперавозчыка.

У авіякампаніі патлумачылі, што забарона ўведзена «ў адпаведнасьці з рашэньнем кампэтэнтных органаў Турцыі».

12 лістапада «Белавія» заявіла, што спыняе перавозку грамадзян Іраку, Сырыі і Емэну на рэйсах з Турэччыны ў Беларусь.

Таксама авіякампанія Turkish Airlines абвясьціла аб забароне на продаж білетаў грамадзянам краін паходжаньня нерэгулярных мігрантаў, у т. л. Іраку і Сырыі, на рэйсы ў Беларусь.

Апрача таго ​"Белавія" ня будзе перавозіць грамадзян Іраку, Сырыі і Емэна на рэйсах з Дубаю ў Беларусь. Інфармацыя пра гэтае рашэньне зьявілася на афіцыйным сайце авіякампаніі.