«Спэцсродкі прымяняюцца па тэрыторыі Беларусі. Безабаронных людзей труцяць газам і глушаць сьвятлашумавымі гранатамі. Больш за тое, у нас ёсьць інфармацыя, што польскія сілавікі ўжо пачалі нават кідаць у людзей камяні. Ёсьць пацярпелыя. І гэта аб’ектыўная рэальнасьць дзеяньняў краіны, якая працягвае вучыць сваіх суседзяў правільнай дэмакратыі і павазе да правоў чалавека», — сказаў прадстаўнік МЗС Анатоль Глаз.
Беларусь, згодна зь ім, штодня аказвае гуманітарную дапамогу, «пакуль Польшча палівае іх з вадамёта». Глаз лічыць, што мэта польскага боку — далейшае абвастрэньне абстаноўкі.
«Пасьля прадметнага абмеркаваньня пытаньня ўчора на вышэйшым узроўні мы бачым сёньня з польскага боку прамыя правакацыі і бесчалавечнае абыходжаньне зь бяздольнымі. Вядома, гэты зьдзек павінен быць спынены».
Польскае Міністэрства абароны абвінаваціла рэжым Лукашэнкі ў правакаваньні памежнага канфлікту, што зьяўляецца гібрыднай агрэсіяй. На думку Варшавы, краін Балтыі і ЗША, гэта адбываецца паводле пляну, расьпісанага ў Маскве. Там не сумняюцца, што Лукашэнка дзейнічае не асобна, а са згоды і з падтрымкай Пуціна.
У чым Эўразьвяз і Польшча вінавацяць Лукашэнку?
Апоўдні 16 лістапада мігранты пачалі штурм мяжы ў Кузьніцы, польскіх паліцыянтаў і памежнікаў сталі закідваць камянямі і шумавымі гранатамі, спрабавалі вырваць слупы з агароджы, намагаліся зьбіць калючы дрот бервяном. Польскія паліцыянты адказалі вадамётамі і пакуль адбіваюць атакі.
Польшча абвінавачвае ўлады Беларусі ў наўмыснай арганізацыі каналу для перапраўкі мігрантаў у Эўразьвяз. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда выступіў з прапановай забараніць палёты ў небе краінаў ЭЗ для авіякампаній, якія дастаўляюць мігрантаў у Беларусь.
Прэсавы прадстаўнік польскага ўраду Пётр Мюлер адзначыў, што беларускія сілавікі могуць узброіць асобных мігрантаў, каб гарантаваць працяг правакацый на мяжы і затым гаварыць, што ўлады ў Менску ня маюць да гэтага дачыненьня.
У сувязі з гэтым польскі бок разглядае магчымасьць поўнай блякады беларускай мяжы, сказаў Мюлер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Мігранты спрабавалі прарваць мяжу з Польшчай на пераходзе Брузгі — КузьніцаГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларускія памежнікі патлумачылі, чаму яны бязьдзейнічалі падчас штурму мігрантамі польскай мяжы