Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі расказаў БелТА пра тое, што яго ведамства пачало «расьсьледаваньне інцыдэнту на мяжы з Польшчай». Ён сказаў, што ў ім бралі ўдзел «мужчыны зь ліку іншаземцаў, даведзеныя да роспачы невыноснымі ўмовамі, у якіх знаходзіліся яны самі і іх сем’і ў апошнія суткі», менавіта таму, на думку Бычкоўскага, яны «распачалі спробу прарвацца на тэрыторыю Польшчы».
Беларускія сілавікі не набліжаліся да агароджы, якую ламалі мігранты, з тае прычыны, што яна знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, патлумачыў прадстаўнік ДПК.
Бычкоўскі сказаў, што ў польскую паліцыю ляцелі камяні і нават абутак пасьля таго, як польская паліцыя выкарыстала сьлезацечны газ.
Аднак насамрэч расьсьледаваньне вядзецца ня супраць мігрантаў, якія разьбівалі дарогу і плітку на памежным пераходзе зь беларускага боку мяжы, а супраць польскай паліцыі.
«Падобнае прымяненьне польскімі сілавікамі спэцсродкаў і боепрыпасаў у дачыненьні бяззбройных людзей на беларускім баку зафіксавана. Гэта расцэньваецца няйначай як гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні асобаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі іншай краіны. Беларускі бок ініцыюе расьсьледаваньне гэтага інцыдэнту», — дадаў Бычкоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Мігранты спрабавалі прарваць мяжу з Польшчай на пераходзе Брузгі — КузьніцаГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Штурм польскай мяжы. Да чаго б ён мог прывесьці