Пуцін і Лукашэнка абмеркавалі мігранцкі крызіс, Лаўроў пакрытыкаваў Польшчу

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Архіўнае фота.

16 лістапада Пуцін і Лукашэнка правялі тэлефонную размову. Абмяркоўваліся «сумесныя дзеяньні для абароны межаў саюзнай дзяржавы», інфармуе прэс-служба Лукашэнкі.

Яшчэ адной тэмай размовы стала сытуацыя ва Ўкраіне і пазаплянавыя вучэньні Ўкраіны і ЗША ля межаў Расеі і ў Чорным моры. Лукашэнка ў час размовы расказаў пра зьмест учорашніх перамоваў з Ангелай Мэркель, якая выконвае абавязкі канцлера Нямеччыны.

Расея робіць усе магчымыя крокі для ўрэгуляваньня міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы, гатова аказваць неабходнае садзейнічаньне, заявіў сёньня кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Штурм польскай мяжы. Да чаго б ён мог прывесьці

«Мы, як вы ведаеце, робім усё для таго, каб дапамагчы гэты крызіс урэгуляваць, да прэзыдэнта Пуціна зьвярталіся прадстаўнікі шэрагу краін Эўразьвязу, уключаючы ФРГ, Францыю. Да нас адрасуюцца просьбы аказаць садзейнічаньне, і мы такое садзейнічаньне гатовы аказаць», — сказаў Лаўроў на прэс-канфэрэнцыі.

Ён адзначыў, што ў першую чаргу для ўрэгуляваная крызісу неабходна ўстанавіць прамы дыялёг паміж кіраўніцтвам Беларусі і Эўразьвязу.

Лаўроў згадаў учарашнюю размову Луканэнкі з выканаўцам абавязакаў канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель з Лукашэнкам.

«Дамовіліся, як я разумею, — я не ведаю дэталяў, натуральна, — аб тым, што будуць працягнуты кантакты з мэтай пошуку разьвязваньня. Вельмі спадзяюся, што здаровы сэнс на тым баку мяжы, на польскім баку мяжы, возьме верх», — дадаў расейскі міністар.

У чым Эўразьвяз і Польшча вінавацяць Лукашэнку?

Польшча абвінавачвае ўлады Беларусі ў наўмыснай арганізацыі каналу для перапраўкі мігрантаў у Эўразьвяз. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда выступіў з прапановай забараніць палёты ў небе краінаў ЭЗ для авіякампаній, якія дастаўляюць мігрантаў у Беларусь.

Прэсавы прадстаўнік польскага ўраду Пётар Мюлер адзначыў, што беларускія сілавікі могуць узброіць асобных мігрантаў, каб гарантаваць працяг правакацый на мяжы і затым гаварыць, што ўлады ў Менску ня маюць да гэтага дачыненьня.
У сувязі з гэтым польскі бок разглядае магчымасьць поўнай блякады беларускай мяжы, сказаў Мюлер.

Апоўдні 16 лістапада мігранты пачалі штурм мяжы, польскіх паліцыянтаў і памежнікаў сталі закідваць камянямі і шумавымі гранатамі, спрабавалі вырваць слупы з агароджы, намагаліся зьбіць калючы дрот бервяном. Польскія паліцыянты адказалі вадамётамі і пакуль адбіваюць атакі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мігранты спрабавалі прарваць мяжу з Польшчай на пераходзе Брузгі — Кузьніца