Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што Марціновіча прызналі вінаватым па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь) шляхам адміністраваньня тэлеграм-каналу «Белыя халаты».
Уладзіслава Марціновіча амаль год утрымліваюць пад вартай у СІЗА-1.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пачаўся суд над студэнтам, якога вінавацяць у адміністраваньні тэлеграм-каналу «Белыя халаты»Хлопца затрымалі 19 лістапада — у той самы дзень, што і журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч, і лекара Арцёма Сарокіна, якіх асудзілі за абнародаваньне мэдычных дакумэнтаў забітага жыхара менскай «плошчы Перамен» Рамана Бандарэнкі.
У чым вінавацяць?
Паводле абвінавачваньня, Уладзіслаў Марціновіч у жніўні 2020 году «стварыў тэлеграм-канал „Белыя халаты“, распаўсюджваў матэрыялы, накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі, штучнае нагнятаньне напружанасьці і супрацьстаяньня ў грамадзтве, прапаганду ідэалёгіі экстрэмізму, а таксама паслабленьне пачуцьця патрыятызму».
Згодна з матэрыяламі справы, у тэлеграм-канале «Белыя халаты» зафіксаваныя неаднаразовыя факты заклікаў да масавага звальненьня мэдработнікаў, няякаснага аказаньня дапамогі і ўдзелу ў пратэстах. Акрамя гэтага, выяўлены публікацыі аб падтрымцы ў правядзеньні масавых акцый мэдработнікамі, спосабах супрацьдзеяньня ўладзе, а таксама паведамленьні, якія дыскрэдытуюць супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
«Мэтай рэсурсу зьяўляецца ўзьдзеяньне на сьвядомасьць і волю работнікаў аховы здароўя і мэдыцыны Рэспублікі Беларусь, а таксама навучэнцаў і выкладчыкаў мэдустановаў адукацыі краіны», — гаворыцца ў абвінавачваньні.
Такім чынам, Уладзіслаў Марціновіч нібыта зьдзейсьніў злачынства, прадугледжанае ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу — публічна заклікаў да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь з выкарыстаньнем глябальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Меркаванаму стваральніку тэлеграм-каналу «Белыя халаты» пагражае да 5 гадоў турмыПазыцыя абвінавачанага
Падсудны сваю віну не прызнае. На пытаньне, ці зразумелае яму абвінавачаньне, ён адказаў, што не.
«Спачатку гаворыцца аб стварэньні каналу, потым аб распаўсюдзе. Хацелася б ведаць, мне ставіцца ў віну ўсё гэта ў сукупнасьці — і распаўсюджваньне, і стварэньне, і публікацыя? Ці зьяўляецца стварэньне і вядзеньне каналу злачынствам? Ці сапраўды кожны пост зьмяшчае заклікі і шкоду?»
Студэнт заявіў, што «ў сваіх дзеяньнях ён не знаходзіць ніводнага парушэньня Крымінальнага кодэксу». Ён таксама абверг адміністраваньне каналаў у тэлеграме. Па яго словах, гэта ён казаў і супрацоўнікам міліцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Менску звольнілі яшчэ адну кіраўніцу мэдыцынскай установы, якая бараніла падначаленых ад рэпрэсій