Міграцыйны крызіс: Польшча, Літва і Латвія маюць намер зьвярнуцца да артыкулу 4 дамовы NATO

Матэвуш Маравецкі

У сьвятле ініцыяванага Менскам міграцыйнага крызісу кіраўнікі ўрадаў Польшчы, Літвы і Латвіі абмяркоўваюць магчымасьць запуску артыкулу 4 Паўночнаатлянтычнай дамовы — пра гэта ў інтэрвію Польскаму агенцтву друку (PAP) заявіў прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі

Яго словы цытуе «Польскае радыё».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Польшчы: Напад на мяжу курыруе прэзыдэнт Пуцін

Кіраўнік польскага ўраду нагадаў, што, згодна з артыкулам 4 дамовы NATO, краіна-ўдзельніца мае права паклікаць іншых удзельнікаў Паўночнаатлянтычнага альянсу на кансультацыі, калі палічыць, што бясьпека, тэрытарыяльная цэласьць або палітычная незалежнасьць яе або іншага саюзьніка знаходзяцца пад пагрозай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перамовы аб надзвычайным становішчы, 4-ы артыкул NATO. Як на Захадзе рэагуюць на абвастрэньне міграцыйнага крызісу

Прэмʼер Маравецкі падкрэсьліў, што рашэньне зьвярнуцца да артыкулу 4 Паўночнаатлянтычнай дамовы робіцца ўсё больш неабходным. Ён падкрэсьліў, што ў цяперашняй сытуацыі недастаткова публічна выказаць сваю занепакоенасьць. «Неабходныя канкрэтныя дзеяньні і ўдзел усяго NATO», — дадаў польскі прэмʼер.