Холдынг «Газпром-Медиа» адмаўляў у ролях артыстам, якія падтрымалі Навальнага. Сярод іх беларуска

Аляксандра Борціч

Актораў, якія падтрымалі апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага і пратэсты, перасталі запрашаць на ролі ў кіно, сэрыялах і іншых праектах «Газпром-Медиа»

Пра гэта паведамляе BBC са спасылкай на чатыры крыніцы з холдынгу.

Паводле іх, абноўленыя «стоп-лісты» актораў нібыта зьявіліся ўзімку 2021 году, прадусарам і рэжысэрам нельга было клікаць гэтых актораў у новыя праекты. У сьпісе, як сьцьвярджаецца, маглі апынуцца такія акторы, як Варвара Шмыкава, Павал Дзеравянка, Яна Траянава, Сямён Траскуноў і іншыя. Сярод актораў, якія трапілі пад забарону, была і беларуска Аляксандра Борціч.

Зімой 2021 году яны так ці інакш выказаліся ў падтрымку атручанага, арыштаванага і асуджанага Аляксея Навальнага і тых, хто выйшаў на вуліцу пратэставаць. Пасьля гэтага «пачалося», расказаў адзін з суразмоўцаў ВВС.

Пасьля абнаўленьня «сьпісу», як паведамілі два прадусары, тэрмінова давялося перарабляць шмат промаролікаў сэрыялаў, зь якіх выразалі Дзеравянку і Борціч. Усю рэкляму ў сацсетках і на Youtube «зачысьцілі ад гэтых актораў». З рэклямы праектаў Яны Траянавай прыбіралі яе буйныя пляны, пакідаючы толькі далёкі плян або від са сьпіны. У новыя сэрыялы яе браць забаранілі. Траянава адмовілася даваць камэнтары журналістам.

У рэклямнай кампаніі рэжысэрскага дэбюту Яўгена Стычкіна для канала Premier не было ні яго прозьвішча, ні фатаграфіі, пасьля таго як ён выконваў ролю адваката Навальнага ў сюжэце для тэлеканалу «Дождь». З актрысай Ірынай Вілкавай кампанія, якая здымае сэрыялы для «Газпром-Медиа», скасавала кантракт пасьля таго, як тая выклала ў Інстаграм спасылку на сьпіс «Разумнага галасаваньня» — праекту каманды Навальнага супраць «Единой России».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксея Навальнага ў калёніі ўжо ня лічаць «схільным да ўцёкаў», але сталі лічыць «тэрарыстам»

«Сыгнал быў дакладны: «Будзеце хадзіць на мітынгі — ня будзеце граць», — сьцьвярджае адзін з прадусараў «Газпром-Медиа». Іншы суразмоўца ВВС сьцьвярджае, што ад супрацоўніцтва з акторамі адмаўляюцца ня толькі праекты холдынгу, але і кампаніі, якія працуюць зь імі, а гэта амаль увесь рынак.

Увесну некалькіх актораў выклікалі на гутарку ў Сьледчы камітэт, пасьля чаго яны самі вырашылі «не высоўвацца». Прадстаўнік аднаго з онлайн-кінатэатраў сьцьвярджае, што перад выбарамі актораў «прасілі па-чалавечы нейкі час не вылузвацца і паводзіць сябе нармальна». Гэта мяккі ціск, у духу «ты ж усё разумееш». Паводзіць сябе нармальна «ў разуменьні расейскага кінарынку ў 2021 годзе — значыць не выказваць ніякіх іншых палітычных поглядаў, акрамя падтрымкі прэзыдэнта і „Единой России“, і не крытыкаваць дзеяньні ўлады», гаворыцца ў матэрыяле BBC.

Апроч актораў, у стоп-лісты трапляюць і цэлыя тэмы. Напрыклад, выбары, рэлігія, праца праваахоўных органаў. Да гэтага часу ня выйшаў сэрыял аб супрацоўніках ФСБ, якія праслухоўваюць апазыцыянэраў, і невядома, калі ён выйдзе і ў якім выглядзе.

Пасьля арышту палітыка Аляксея Навальнага і выхаду фільму-расьсьледаваньня «Палац для Пуціна. Гісторыя самага вялікага хабару» па ўсёй Расеі прайшла сэрыя пратэстаў: масавыя акцыі адбыліся 23 студзеня, 31 студзеня і 2 лютага. Сілавікі адрэагавалі жорстка і затрымалі звыш 11 тысяч чалавек. Па ўсёй краіне было распачата больш за сто крымінальных спраў. Некаторыя паплечнікі Навальнага з прычыны перасьледу мусілі пакінуць Расею.