Кандыдат у канцлеры Нямеччыны паабяцаў Лукашэнку жорсткі адказ за шантаж Эўразьвязу

Олаф Шольц

Эўрапейскі Зьвяз у сувязі з драматычнай сытуацыяй на польска-беларускай мяжы прыме жорсткія меры супраць рэжыму Лукашэнкі, заявіў выканаўца абавязкаў віцэ-канцлера ФРН Олаф Шольц.

Пра гэта інфармуе DW.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з драматычнай сытуацыяй у раёне польска-беларускай мяжы чакаюць вельмі сур’ёзныя наступствы, папярэдзіў кандыдат у канцлеры ФРГ ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны (СДПН) Олаф Шольц.

Паводле яго, зараз у Эўразьвязе ідзе інтэнсіўная падрыхтоўка сумеснага адказу ЭЗ на дзеяньні Лукашэнкі, супраць якога будуць прыняты самыя жорсткія захады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Польшча апублікавала статыстыку спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі: рост у 377 разоў за год

Улады ў Менску блякуюць дастаўку гуманітарнай дапамогі мігрантам і вядуць «чалавеканенавісьніцкую гульню», указаў Шольц. «Гэта павінна і будзе мець наступствы», падкрэсьліў нямецкі палітык, дадаўшы, што неабходна зрабіць усё, каб палепшыць сытуацыю, у якой апынуліся пацярпелыя. Эўразьвяз цьвёрда стаіць на баку Польшчы, заявіў Олаф Шольц.

У сваю чаргу прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі лічыць, што закулісны кіраўнік таго, што адбываецца, «сядзіць у Маскве». Урад Расеі адхіляе ўсе гэтыя абвінавачаньні.

Тэмпэратура на мяжы ўжо апускаецца ніжэй за нуль

Начамі тэмпэратура на польска-беларускай мяжы вагаецца ў раёне нуля градусаў паводле Цэльсія. Тысячы мігрантаў, якія знаходзяцца там, мерзнуць.

Між тым урад Украіны выказвае асьцярогі, што гэтых людзей могуць адправіць у бок Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Белавія» заявіла, што спыняе перавозку грамадзян Іраку, Сырыі і Емэну на рэйсах з Турэччыны ў Беларусь

Варшава і Брусэль абвінавачваюць Лукашэнку ў наўмысным перанакіраваньні патокаў людзей з крызісных рэгіёнаў з мэтай іх кантрабанды ў Эўразьвяз. У адказ на санкцыі, уведзеныя супраць яго краіны ў пачатку лета, Лукашэнка заявіў, што больш ня будзе спыняць мігрантаў на іх шляху ў кірунку «ўтульнага Захаду».