«Белавія» заявіла, што спыняе перавозку грамадзян Іраку, Сырыі і Емэну на рэйсах з Турэччыны ў Беларусь

«Белавія» ня будзе перавозіць грамадзян Іраку, Сырыі і Емэна на рэйсах з Турэччыны ў Беларусь. Інфармацыя пра гэтае рашэньне зьявілася на афіцыйным сайце авіякампаніі.

«У адпаведнасьці з рашэньнем кампэтэнтных органаў Турцыі з 12.11.2021 грамадзяне Іраку, Сырыі, Емэну ня будуць прымацца да перавозкі на рэйсах, якія накіроўваюцца з Турцыі ў Беларусь. Пасажыры авіякампаніі „Белавія“, якія падпадаюць пад гэтую забарону, могуць зрабіць поўнае вяртаньне цаны авіябілета без утрыманьняў па месцы яго набыцьця», — гаворыцца ў паведамленьні.

Эўразьвяз на наступным тыдні мае ўвесьці пяты пакет санкцый супраць уладаў Беларусі, які будзе скіраваны супраць тых, каго ЭЗ лічыць адказнымі за арганізацыю міграцыі, паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на тры дыпляматычныя крыніцы.

Сярод тых, хто мае трапіць пад санкцыі, — міністар замежных спраў Ўладзімер Макей і дзяржаўная авіякампанія «Белавія».

Эўразьвяз таксама разглядае магчымасьць пашырыць эканамічныя санкцыі, уведзеныя ў ліпені. Пад новыя санкцыі можа трапіць беларускае дзяржаўнае страхаваньне.

Раней стала вядома, што авіякампанія Turkish Airlines абвесьціць аб забароне на продаж білетаў грамадзянам краін паходжаньня нерэгулярных мігрантаў, у т. л. Іраку і Сырыі, на рэйсы ў Беларусь, паведаміла польскаму агенцтву PAP дыпляматычная крыніца ў Брусэлі.

​
XS
SM
MD
LG