У Міністэрстве замежных спраў Украіны зьвярнулі ўвагу на выказваньні міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея адносна прыналежнасьці Крыму.
«Зыходзім з таго, што афіцыйна па-ранейшаму Беларусь падтрымлівае сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць нашай дзяржавы ў яе міжнародна прызнаных межаў, — цытуе „Украінская праўда“ заяву прадстаўніка МЗС Украіны Алега Нікаленкі. — Зьмяненьне падыходу Беларусі для дэ-юрэ прызнаньня часова акупаванага Крыму тэрыторыяй Расеі прывядзе да непапраўных наступстваў для ўкраінска-беларускіх адносінаў. Спадзяемся, што ў Менску ўсьведамляюць гэты аспэкт і ня будуць дапускаць крокі насуперак нормам міжнароднага права».
- Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у інтэрвію расейскаму агенцтву «РИА Новости» 10 лістапада заявіў: «Пазыцыя Беларусі па Крыму застаецца такой, як і была. Мы разумеем у рэальнасьці, што Крым зьяўляецца цяпер расейскай тэрыторыяй. Давайце зыходзіць з гэтага».