Мігранты спрабавалі прарваць беларуска-польскую мяжу. ВІДЭА

Мігранты на беларуска-польскай мяжы

Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы апублікавала ў сваім Твітэры відэа, на якім бачна, як група мігрантаў спрабуе прарваць агароджу на беларуска-польскай мяжы.

«Польскія службы прадухілілі спробу мігрантаў прарвацца на польскі бок на поўдзень ад памежнага пераходу ў Кузьніцы. Сытуацыя знаходзіцца пад кантролем», — гаворыцца ў твіце міністэрства.

На адным зь відэа ад мігрантаў, апублікаваных у сацыяльных сетках, бачна, што сілавікі ў іх чымсьці пырскаюць, імаверна газам. На мяжы трансьлюецца паведамленьне на ангельскай і арабскай мовах з заклікам не зьнішчаць агароджу.

У 15.00 паводле менскага часу ў Варшаве пачалася сустрэча Крызіснага штабу ў пытаньнях мігранцкага крызісу. Старшынюе прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі. У паседжаньні бяруць удзел кіраўнікі спэцслужбаў і вайсковых структур, а таксама прадстаўнікі ўраду.

«Мы гатовыя на любы сцэнар. Цьвёрдая абарона мяжы — гэта наш абавязак. Мы павялічылі колькасьць памежнікаў, паліцыі і салдат. Мы чакаем у поўнай гатоўнасьці», — заявіў міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі.

Адзін зь мігрантаў вёў жывы эфір на Фэйсбуку з гэтага адрэзку мяжы.

Раніцай 8 лістапада ў сацыяльных сетках зьявіліся відэа, якія сьведчаць, як буйная група мігрантаў рухаецца ў бок Польшчы ў раёне памежнага пераходу ля Брузгоў (Горадзенская вобласьць). Іх кантралююць узброеныя людзі ў вайсковай форме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая калёна мігрантаў прыйшла да польскай мяжы ў суправаджэньні ўзброеных асоб. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранцкі крызіс: Дональд Туск прапанаваў рэалізацыю 4-га артыкулу NATO. Што гэта значыць