Кветкі ад палітвязьня: Ігар Лосік з-за кратаў даслаў жонцы 17 букетаў
Кветкі, ілюстрацыйнае фота
Зьняволены блогер і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік ужо амаль 500 дзён у зьняволеньні, але здолеў зьдзівіць сваю жонку Дар’ю.
«Усё пачалося а 8.44-й раніцы са званка ў дамафон. Я паглядзела на гадзіньнік і падумала, што для ператрусу ўжо позна. Але вось што мяне чакала на лесьвічнай пляцоўцы», — піша Дар’я Лосік у сваім Instagram і дзеліцца фота і відэа букетаў.
Арганізаваць сюрпрыз Ігару Лосіку дапамаглі розныя нераўнадушныя людзі. Мяркуючы па сторыс, кветкі працягваюць прыносіць.
«Як гэта выдатна! Дзякуй, муж і ўсім вам, хто яму дапамог! Ня ведаю, што і рабіць: дома ўжо скончыліся вазы і слоікі», — напісала Дарʼя Лосік.
Падтрымаць палітвязьня можна лістом, паштоўкай ці тэлеграмай: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А. Ігар Аляксандравіч Лосік.