Тэксты філёзафа-палітвязьня Мацкевіча правяраюць на «распальваньне варожасьці»

Філёзаф Уладзімер Мацкевіч (у цэнтры) з банкірам Віктарам Бабарыкам і навукоўцам Леанідам Лозьнерам, архіўнае фота

Артыкулы зьняволенага філёзафа Ўладзімера Мацкевіча правяраюць «на прыкметы распальваньня варожасьці». Гэта азначае, што абвінавачаньне хочуць пашырыць ці перакваліфікаваць, мяркуюць прававабаронцы.

Выказваньні Ўладзімера Мацкевіча цяпер на экспэртызе дзеля «выяўленьня прыкметаў, накіраваных на распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці», паведамляе тэлеграм-канал «Думаць Беларусь».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арышт філёзафа Мацкевіча працягнулі на месяц, яго паплечнікі вядуць у Фэйсбуку прысьвечаную яму старонку

Філёзафа і мэтадоляга, грамадзкага дзеяча Ўладзімера Мацкевіча затрымалі 4 жніўня. У той жа дзень супрацоўнікі Камітэту дзяржбясьпекі правялі ў яго ператрусы паводле падазрэньня ў арганізацыі або ўдзеле ў дзеяньнях, якія парушылі грамадзкі парадак (артыкул 342 КК).

Цяпер выглядае, што кола абвінавачаньняў зьбіраюцца пашырыць за кошт пошуку «абразьлівых выказваньняў», альбо ўвогуле перакваліфікаваць справу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімер Мацкевіч даў інтэрвію зь СІЗА: «Чыноўнікі і сілавікі разумеюць толькі сілу, але пакуль мы слабыя»

Праваабарончая супольнасьць прызнала Ўладзімера Мацкевіча палітычным зьняволеным.