Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Мацкевіч даў інтэрвію зь СІЗА: «Чыноўнікі і сілавікі разумеюць толькі сілу, але пакуль мы слабыя»


Палітвязень Уладзімер Мацкевіч.
Палітвязень Уладзімер Мацкевіч.

Філёзаф і грамадзка-палітычны дзеяч Уладзімер Мацкевіч ужо другі месяц у зьняволеньні, цяпер ён у СІЗА на Валадарскага ў Менску. За гэты час яму прад’явілі абвінавачаньне і прызналі схільным да экстрэмізму.

У інтэрвію блогу «Отражение» Ўладзімер Мацкевіч расказаў, што пачуваецца нармальна, робіць зарадку, шмат чытае і піша. На момант затрыманьня матэрыялы абвінавачаньня займалі 15 тэчак, але ніякай канкрэтыкі ў сьледзтва дасюль няма. Віны Мацкевіч не прызнае.

Філёзаф лічыць, што Лукашэнку «па звычцы» лічылі прэзыдэнтам да 2020 году, аднак гэтая «традыцыя» цяпер перарвалася. Улада ўтрымліваецца сілай, але прыцягваць да гэтага катэгорыю «акупацыі», на думку палітвязьня, ня варта.

«Гэты рэжым — вынік усенароднай памылкі, безадказнасьці палітыкаў і вышэйшых службовых асобаў дзяржавы, апатыі, абыякавасьці і няграматнасьці грамадзянскай супольнасьці. Грамадзянская супольнасьць у сучасным крызісе грае ключавую ролю. І пакуль яна не знаходзіць у сабе сіл, розуму і мужнасьці супрацьпаставіць сябе рэжыму, яна ня зможа вылучыць са свайго асяродзьдзя лідэраў і палітыкаў, здольных вярнуць краіну ў прававое поле і запусьціць працэс разьвіцьця».

У час, калі «сытуацыя абвастрылася да краю», паводле Мацкевіча, няма сэнсу абмяркоўваць дробныя і прыватныя пытаньні, зьмены ў Кодэксе аб адукацыі, Крымінальным кодэксе ці нейкія паслабленьні для прыватнага бізнэсу. Неабходны дыялёг паміж членамі грамадзянскай супольнасьці, а перад рэпрэсіямі палітыкі і іншыя людзі роўныя.

«Рэжым гранічна моналягічны. Там адзін кажа — „трэба“, астатнія адказваюць — „ёсьць“ або „будзе зроблена“. Такім чынам, рэжым здольны толькі да адной формы дыялёгу — перамоваў. Перамовы заўсёды вядуцца з апорай на сілу. Пакуль мы нямоглыя, мы няздольныя выклікаць або прымусіць рэжым да перамоваў. Зьнешнія санкцыі могуць, бо гэта сіла, хай і ня вельмі вялікая. А зь сілай рэжым вымушаны лічыцца. Але гэта ня наша сіла, а зьнешняя. І рэжым будзе шукаць магчымасьці дыялёгу з тымі, хто ўводзіць санкцыі. Хай не наўпрост, а праз сваіх лабістаў і пасярэднікаў, але ня з намі. Стаць моцнымі — наша першачарговая задача».

Удзельнікам перамоваў з рэжымам з боку грамадзянскай супольнасьці павінен імкнуцца стаць кожны. Аднак патрэбныя канкрэтныя прадстаўнікі — прамоўцы, адвакаты, лідэры, многія зь якіх цяпер у эміграцыі ці ў турмах. Таму, на думку філёзафа, выйсьце адно: «або грамадзянская супольнасьць дамагаецца іх вызваленьня і вяртаньня, або высоўвае новых».

Таксама Ўладзімер Мацкевіч выказаўся адносна патэнцыйнага запрашэньня прадстаўнікоў улады на бок апазыцыі.

«Усе міністры і чыноўнікі самага высокага рангу ня маюць уласнай думкі. Яны альбо выконваюць тое, што ім загадана, альбо вылятаюць са сваіх месцаў. Іх можна толькі запрасіць на наш бок. А якія ў нас для гэтага ёсьць аргумэнты? Яны шануюць і разумеюць сілу, але пакуль мы слабыя, яны будуць заставацца на баку моцнага. А пакуль мы просім, ныем і плачам, зь сілавікамі размаўляць няма пра што».

Філёзаф лічыць імавернасьць аншлюсу з боку Расеі па-ранейшаму актуальнай, а вырашыць крызіс дапаможа толькі вывядзеньне яго на новы ўзровень, залучэньне ў канфлікт з Лукашэнкам і ўладай усіх слаёў насельніцтва.

Уладзімер Мацкевіч — філёзаф і мэтадоляг, грамадзкі дзеяч, тэлевядоўца. Заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналёгіяў, першы кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» (міжнародная грамадзкая арганізацыя, створаная прадстаўнікамі НДА ў 2007 годзе і зарэгістраваная ў Літве ў 2009 годзе), заснавальнік праграмы стварэньня «Лятучага ўнівэрсытэту».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG