У судзе Цэнтральнага раёну Гомлю з 3 верасьня ідзе закрыты суд над праваабаронцам Леанідам Судаленкам і валянтэркамі «Вясны» Тацянай Ласіцай і Марыяй Тарасенкай.
Валянтэрка «Вясны» Марыя Тарасенка зьехала зь Беларусі – ёй пагражала 2,5 года калёніі.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што іх валянтэрка Марыя Тарасенка зьехала з краіны і цяпер знаходзіцца ў бясьпецы.
«Вясна» піша таксама пра некаторыя іншыя навіны, што зьявіліся аб гэтым закрытым працэсе.
13 кастрычніка пракуроры Яўген Фартушняк і Кірыл Вышнякоў запатрабавалі пакараньне палітзьняволеным праваабаронцам: для Леаніда Судаленкі і Тацяны Ласіцы — па 3 гады пазбаўленьня волі, для Марыі Тарасенкі — 2,5 года пазбаўленьня волі.
18 кастрычніка мусілі працягвацца спрэчкі бакоў, але Марыя Тарасенка не зьявілася на суд. Па інфармацыі праваабаронцаў, суд перанесьлі на 20 кастрычніка, але Марыю не знайшлі да гэтага часу. Як пазьней паведаміў сузаснавальнік фонду BySol Андрэй Стрыжак, Тарасенка выехала з краіны.
На судзе пракуроры прасілі месяц для вылучэньня крымінальнай справы супраць Марыі Тарасенкі ў асобнае вядзеньне, але судзьдзя Сяргей Салоўскі даў на гэта толькі тыдзень.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Стала вядома, якія тэрміны запрасіў пракурор для праваабаронцаў Судаленкі, Ласіцы і Тарасенкі26 кастрычніка на судзе аднавілася судовае сьледзтва ў крымінальнай справе супраць Судаленкі і Ласіцы. Прысуд будзе вынесены прыкладна ў сярэдзіне лістапада.
Суд над праваабаронцам Леанідам Судаленкам і валянтэркамі «Вясны» Тацянай Ласіцай і Марыяй Тарасенкай пачаўся 3 верасьня. Усіх іх вінавацяць у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), і «навучаньні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяньнях, а таксама іх фінансаваньні або іншым матэрыяльным забесьпячэньні» (ч. 2 арт. 342 КК).
Разгляд справы судзьдзя Сяргей Салоўскі на прапанову пракурораў Яўгена Фартушняка і Кірыла Вышнякова праводзіць у закрытым рэжыме. Марыя знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе, а Леанід і Тацяна — пад вартай з 18 і 21 студзеня 2021 году адпаведна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зьняволены праваабаронца Судаленка: «Сьведкі кажуць „дзякуй“, зьвяртаючыся да мяне ў клетку»Што канкрэтна ставіцца ў віну Судаленку?
Як распавёў у сваіх лістах праваабаронца «Вясны», у віну яму ставяцца:
- эпізод з дровамі, якія Леанід прывёз дзецям з шматдзетнай сям’і, бацьку якой потым асудзілі за «беспарадкі»;
- відэа на ютубе з «Рудабельскай паказухі», дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст людзей;
- заклік у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомлю Марыю Тульжанкову пасьля 15 сутак;
- сэмінар па лічбавай бясьпецы для праваабаронцаў;
- аплата штрафаў, пошлін за зварот у суд і дапамогу адвакатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
10 добрых спраў праваабаронцы Леаніда Судаленкі, якога вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў