Зь Беларусі ў Нямеччыну ўжо прыбылі 6162 мігранты. Улады зьбіраюцца разьвезьці іх па фэдэральных землях

Ілюстрацыйнае фота, 2018

Пачынаючы са жніўня, у Нямеччыне назіраецца лявінападобны рост колькасьці нелегальных мігрантаў, якія прыбываюць з Польшчы беларускім маршрутам. Іх колькасьць склала 6162 чалавекі.

Пра гэта піша DW.

Разьмеркаваньне нелегальных мігрантаў, якія праніклі ў Нямеччыну празь Беларусь і Польшчу, пачнецца ў пачатку лістапада. Як заявіў у панядзелак, 25 кастрычніка, афіцыйны прадстаўнік упраўленьня фэдэральнай паліцыі Бэрліна, праца ў гэтым кірунку знаходзіцца ў стадыі падрыхтоўкі. Паліцыя працуе ва ўзаемадзеяньні з Фэдэральным ведамствам міграцыі і ўцекачоў (Bamf), якое і будзе ажыцьцяўляць разьмеркаваньне па фэдэральных землях мігрантаў, якія прайшлі першапачатковую рэгістрацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіраўнік МУС Нямеччыны падтрымаў ўзмацненьне жорсткасьці кантролю на польска-беларускай мяжы

Цяпер усе яны знаходзяцца ў лягеры ў Айзэнгютэнштаце. Там праводзіцца праверка дадзеных уцекачоў, робіцца тэст на каранавірус і ажыцьцяўляецца іх забесьпячэньне харчаваньнем і прадметамі першай неабходнасьці. Міністар унутраных спраў фэдэральнай зямлі Брандэнбург Міхаэль Штюбген дасягнуў пагадненьня з кіраўніком фэдэральнага Міністэрства ўнутраных спраў Горстом Зээгофэрам аб разгрузцы лягеру.

  • Пачынаючы са жніўня, у Нямеччыне назіраецца лявінападобны рост колькасьці нелегальных мігрантаў, якія прыбываюць з Польшчы. У жніўні на нямецка-польскай мяжы было выяўлена 713 чалавек, якія незаконна прыбылі ў Нямеччыну, зь іх 474 — празь Беларусь.
  • У верасьні колькасьць незаконных ўездаў праз Польшчу павялічылася да 2323 чалавек, зь іх у 1903 — празь Беларусь.
  • Да 21 кастрычніка колькасьць нелегальных мігрантаў, якія трапілі ў 2021 годзе ў Нямеччыну па беларускім маршруце, склала 6162 чалавекі.
  • Толькі за апошнія 2 дні польска-нямецкую мяжу ў пошуках прыстанішча перасеклі каля 500 мігрантаў.