У Судане вайскоўцы затрымалі прэм’ера і некалькіх міністраў

Пратэсты ў Судане

Некалькі вуліц сталіцы дзяржавы Хартуму перакрылі пратэстоўцы.

У Судане прэм’ер-міністра Абдалу Хамдока пасадзілі пад хатні арышт, а чатырох міністраў і грамадзянскага прадстаўніка Сувэрэннай рады краіны затрымалі, паведамляе тэлеканал Al Hadath.

Паводле тэлеканалу, затрыманьні правялі людзі ў вайсковай форме без апазнавальных знакаў.

Тэлеканал Al-Jazeera удакладніў, што сярод затрыманых міністры прамысловасьці, інфармацыі, сувязі, дарадца прэм’ер-міністра, а таксама кіраўнік правінцыі Хартум і сябра пераходнай Сувэрэннай рады Судану.

Дачка міністра прамысловасьці Ібрагіма Шэйха ўдакладніла, што таго затрымалі чальцы Аб’яднаных атрадаў, сфармаваных у чэрвені на загад намесьніка кіраўніка Сувэрэннай рады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судан зьбіраецца выдаць былога дыктатара Умара аль-Башыра суду ў Гаазе

Пратэстоўцы паляць шыны і перакрылі некалькі вуліц Хартуму.

Сувэрэнная рада ўтварылася ў 2019 годзе пасьля вайсковага перавароту, што адбыўся раніцай 11 красавіка. У выніку прэзыдэнт Судану Амар аль-Башыр, які займаў гэтую пасаду амаль 30 гадоў, быў адхілены ад улады ўзброенымі сіламі краіны пасьля хвалi народных пратэстаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі і як пратэст робіцца рэвалюцыяй?